1 верасня ў беларускім класе Берасця



У Берасці прайшлі школьныя лінейкі і першыя заняткі. Не абмінуў Дзень ведаў і адзіны беларускамоўны клас школы № 29, што ў Маскоўскім раёне Берасця.

Гэты клас існуе ўжо не першы год і мае назву 7 “Г”:

– Нам падабаецца вучыцца, падабаецца тое, што клас невялікі, усе прадметы на беларускай мове.

– Мне таксама падабаецца, што кожны ўрок як факультатыў. Кожнаму асобна тлумачаць, таму ўсе атрымліваюць больш ведаў.

– Мне падабаецца вучыцца на беларускай мове, бо гэта наша родная мова і мы павінны размаўляць на ёй.

– Мне падабаецца, бо гэта ў нас як асобны факультатыў.

Усяго ў класе чацвёра вучняў і цягам года гэтая лічба не змянялася. У сваю чаргу дырэктар 29 школы Сяргей Саўчук паведаміў, што заяваў на беларускую мову навучання ад бацькоў сёлета не было. Некаторыя з бацькоў вучняў беларускамоўнага класа лічаць, што гэтую інфармацыю праверыць цяжка.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота аўтара