10 снежня — Міжнародны дзень правоў чалавека
10 снежня 1948 года Генеральнай Асамблеяй ААН была прынята Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека.
З 1950 года гэты дзень адзначаецца ва ўсім свеце, як Дзень правоў чалавека.
Менавіта ва Усеагульнай дэкларацыі былі ўпершыню абвешчаныя вартасці, якія сёння мы называем універсальнымі: правы чалавека неаддзельна ўласцівы ўсім людзям, і ўся міжнародная супольнасць павінна забяспечваць іх выкананне.
У сферы правоў чалавека ў Беларусі за апошні год адбыліся некаторыя станоўчыя зрухі, але праблема іх захавання па-ранейшаму актуальная. Такое меркаванне БелаПАН выказалі беларускія праваабаронцы з нагоды Міжнароднага дня правоў чалавека, які адзначаецца 10-га снежня.
У прыватнасці, лідар праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі адзначыў, што “сітуацыя з правамі чалавека застаецца замарожанай, і з таго часу, як у мінулым годзе ўлады выпусцілі палітычных зняволеных, ніякіх істотных зменаў не адбылося”. Працягваецца ціск на палітычна актыўных грамадзян. Асаблівую занепакоенасць праваабаронцаў выклікае той факт, што Беларусь працягвае выносіць і прыводзіць у выкананне смяротныя прысуды.