100 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Доўбіка



Беларускі настаўнік, дысідэнт, вязень савецкіх канцлагераў Аляксандр Доўбік нарадзіўся 6 ліпеня 1921 года на хутары Сеніца (Слуцкі павет, цяпер Менскі раён). Дзед Доўбіка Яўтроп Іванавіч быў засуджаны ў 1933 годзе на тры гады зняволення, а ў 1937 годзе паўторна арыштаваны і ў 1938 годзе расстраляны. Бацька Сафрон Доўбік, які ўцёк у 1920-ыя гады ў Польшчу, быў арыштаваны ў Клецку ў 1939 годзе і расстраляны ў 1940 годзе.

Маці Зося Усцінаўна ў 1930-ыя гады была выслана ў Караганду (Казахстан), куды і выехалі за ёй у 1937 годзе Аляксандр з сястрой Ганнай. Паступіў на вучобу ў Горны тэхнікум, праз два гады перавёўся на курсы падрыхтоўкі настаўнікаў для няпоўных сярэдніх школ пры Карагандзінскім педагагічным інстытуце, якія скончыў у 1940 годзе. 16 верасня 1940 года мабілізаваны. Служыў на караблях Чарнаморскага флоту. Паранены, кантужаны. Выехаў да маці ў Казахстан. Працаваў у калгасе. У чэрвені 1943 года зноў мабілізаваны. Служыў на Чорным і Балтыйскім морах. Пасля дэмабілізацыі з ВМФ у снежні 1945 года вярнуўся ў Беларусь. З 1946 па 1947 гады працаваў настаўнікам у Жухавіцкай няпоўнай школе Мірскага раёна. З 1947 года настаўнічаў у Мядзведскай няпоўнай школе таго ж раёна. У 1950 годзе завочна скончыў Баранавіцкі настаўніцкі інстытут. З 1954 года загадчык навучальнай часткі пачатковай школы ў вёсцы Радунь Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці, пазней стаў яе дырэктарам. Быў жанаты, гадаваў дваіх дзяцей.

У лістападзе-снежні 1956 года паспрабаваў праз амбасады ў Маскве накіраваць лісты прэзідэнту ЗША Эйзенхаўэру, прэм’ер-міністру Вялікабрытаніі Ідэну і прэм’ер-міністру Індыі Нэру. У гэтых лістах ён крытыкаваў камуністычную партыю і Мікіту Хрушчова, называў імёны вядомых яму ахвяраў рэжыма, прасіў звярнуць увагу, што СССР з’яўляецца сябрам ААН, а «дэкларацыю арганізацыі па правах чалавека не выконвае». У ліпені 1957 года накіраваў ананімны ліст Вячаславу Молатаву ў яго падтрымку (у чэрвені Молатаў быў зняты з усіх пасад за спробу змясціць Хрушчова). Лісты былі перахопленыя КГБ.

Арыштавалі Доўбіка 15 кастрычніка 1958 года. 22 лістапада 1958 года асуджаны Гродзенскім абласным судом за «антысавецкую агітацыю і прапаганду» (частка «а» артыкула 72 КК БССР) да 10 гадоў лагера. Этапаваны ў Дубраўлаг (Мардоўская АССР). Пастановай Прэзідыума Вярхоўнага суда БССР ад 17 ліпеня 1959 г. тэрмін зніжаны да 5 гадоў. Вызвалены 15 кастрычніка 1963 года. Працаваў настаўнікам у Навагрудскім раёне. Неаднаразова зазнаваў ціск з боку спецслужбаў СССР. У 1972 годзе змушаны звольніцца з працы. Працаваў у калгасе, на сваёй гаспадарцы.

Рэабілітаваны Доўбік Вярхоўным Судом Беларусі 20 снежня 1991 года. У 1990-я гады ўдзельнічаў у грамадска-палітычнай дзейнасці. Быў дэлегатам 1 з’езду ТБМ. У 1994 годзе ўвайшоў у рух БНФ, агітаваў за Зянона Пазьняка на прэзідэнцкіх выбарах. Абіраўся старшынём Карэліцкай раённай суполкі Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій (БААПР), быў сябрам Рады БААПР. Выяўленыя ім імёны ахвяр палітычных рэпрэсій увайшлі ў кнігу «Памяць» Карэліцкага раёна. У гэты час жыў у вёсцы Уша Карэліцкага раёна. Са студзеня 2003 года Аляксандр Доўбік пасля цяжкай хваробы і траўмы жыў у Жухавіцкім доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў. Пакінуў мемуары. Памёр 30 сакавіка 2015 года ў веку 93 гадоў.

Беларускае Радыё Рацыя