11 рэтра-шыльдаў ранейшай Гародні (фота)



Кожная эпоха мае свае сімвалы, афармленне і знешнія выявы. Час ідзе, развіваюцца тэхналогіі, мяняецца знешняе аблічча гарадоў, абнаўляюцца шыльды і вітрыны. Але некаторыя знешнія візітоўкі і кропкі на мапе гораду застаюцца нязменнымі цягам гадоў і нават дзесяцігоддзяў. Беларускае Радыё Рацыя паспрабавала адшукаць у цэнтры Гародні шыльды, якія памятныя сталым жыхарам гораду над Нёманам, захаваліся яшчэ з 1980-ых- пачатку 1990-ых гадоў.

Кнігарня „Прометей” па цэнтры вуліцы Савецкай найстарэйшая ў горадзе з дзейсных пунктаў продажы кніг.

„Оптика” у доме №7, што таксама па вуліцы Савецкай, не мяняла свайго адрасу ажно з 1960-ых гадоў. Гарадзенцам гэты будынак ведамы як Дом Фукса. Менавіта тут была яўка паўстанцаў 1863 году, у гэтым доме спыняўся Кастусь Каліноўскі.

Бар „Магнолия” ці, як па-іншаму яго называюць у народзе, „Манголія” на вуліцы Маставой па-ранейшаму вабіць наведнікаў старой шыльдай.

Старая майстэрня па вырабе ключоў па-ранейшаму месціцца ў доме па вуліцы Вялікая Траецкая.

Час ідзе, а гарадзенцы па-ранейшаму рамантуюць электрабрытвы па звыклым дзесяцігоддзямі адрасе. Шыльда на майстэрні, праўдападобна, адзін раз мянялася, а вось старыя дзверы напэўна не.

Чабурэчная па вуліцы Ажэшкі памяняла гаспадара, але захавала даўнюю старую шыльду.

Непадалёк „Чабурэчнай” на той жа вуліцы, амаль насупраць, шыльда крамы „Прамень” па продажы менскіх гадзіннікаў.

На вуліцы Ажэшкі захавалася яшчэ адна даўняя крама – па продажы ювелірных вырабаў.

Шыльда харчовай крамы „Журавинка” на БЛК ад зношанасці выглядае сапраўдным рэкламным рэліктам.

Праўдападобна, што шыльда легендарнай „Фиалки” – кропкі па продажы кветак па вуліцы Горкага – дажывае апошнія дні.

Кавярня „Верас” па вуліцы Горкага з часу свайго ўзнікнення не мяняла шыльду.

Мінаюць гады, а старыя шыльды, якіх застаецца ўсё менш, пакідаюць у жыхароў гораду пачуццё настальгіі, выклікаюць даўнія ўспаміны, звязаныя з той ці іншай кропкай.

Ладзік Майніч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара