Палата прадстаўнікоў разгледзіць пытанне аб унясенні змен у арт. 328 КК



На пленарным пасяджэнні 13 чэрвеня Палата прадстаўнікоў разгледзіць пытанне аб унясенні змен у артыкул 328 Крымінальнага кодэкса (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў), паведаміў БелаПАН член пастаяннай камісіі парламента па нацыянальнай бяспецы Васіль Чэкан.

„Наша камісія ўнесла на разгляд у Авальнай зале папраўкі па частках 2 і 3 артыкула 328. Гэтыя папраўкі ідуць пакетам разам з законапраектамі аб допінгу і супрацьдзеянні экстрэмізму”, — сказаў ён.

Папраўкі ўхваленыя ўрадам. Згодна са словамі Чэкана, паводле ч. 2 арт. 328 КК ніжнюю мяжу пакарання мяркуецца знізіць з пяці да трох гадоў пазбаўлення волі, паводле ч. 3 — з васьмі да шасці гадоў. „Верхнія межы пакарання застаюцца, але змяншэнне ніжніх межаў дазволіць суддзям прымаць рашэнні з улікам усіх абставінаў, у залежнасці ад таго, хто здзейсніў злачынства, ці трапіў на лаву падсудных упершыню і гэтак далей, — растлумачыў Чэкан. — Падчас абмеркавання змен у артыкул 328 уносіліся вельмі розныя прапановы, у тым ліку прапаноўвалі і ўзмацніць жорсткасць санкцыі артыкула 328, але гэтыя прапановы не прайшлі. Мы прайшлі доўгі шлях. Цяпер усё залежыць ад таго, як прагаласуюць дэпутаты, таму што вельмі неадназначнае ў іх стаўленне да пытання”.

Першы раз законапраект з папраўкамі аб унясенні змен у шэраг кодэксаў, у тым ліку ў арт. 328 КК, парламент разгледзеў вясной 2018 года. Гэтаму спрыяла галадоўка маці асуджаных, якая доўжылася 15 дзён. Дакумент прайшоў першае чытанне, у ім з’явілася палажэнне аб зніжэнні ніжняй мяжы пакаранняў паводле чч. 2 і 3 арт. 328 КК. Аднак увосень, пры разглядзе ў другім чытанні, змякчальныя папраўкі ў арт. 328 з законапраекта прыбралі.

2 красавіка гэтага года — у дзень адкрыцця сесіі парламента — група сваякоў асуджаных прыйшла да Дома ўрада, каб даведацца пра тэрміны разгляду дэпутатамі змен у антынаркатычны артыкул. Высветлілася, што Саўмін не ўзгадніў прапановы аб зменах у арт. 328 КК з-за пазіцыі МУС. У выніку было вырашанае правесці сустрэчу рабочай групы з удзелам прадстаўнікоў МУС і сваякоў асуджаных на падставе арт. 328. Пасяджэнне групы прайшло 10 красавіка, на ім прадстаўнікі ўрада паабяцалі прыняць рашэнне па гэтым пытанні на працягу 10 дзён, аднак гэтага не адбылося.

30 мая родныя асуджаных зноў сабраліся ля Дома ўрада, каб падпісаць і перадаць у дзяржорганы чарговы зварот. У ім гаварылася, што 24 мая прапанова аб зменах арт. 328 уключаная ў пакет паправак у законы аб допінгу і экстрэмізме і накіраваная на ўзгадненне ў дзяржорганы. Сваякі заклікалі не зацягваць працэс узгаднення законапраекта, каб дэпутаты змаглі яго разгледзець на сесіі 13 чэрвеня.

Вясновая сесія парламента завершыць працу 28 чэрвеня.

belapan.by