13 сутак за «пікетаванні шляхам паднятай рукі ўверх»



Менчукоў асудзілі на 13 сутак за жэсты „віктары” і запальванне лампадак каля народнага мемарыяла Тарайкоўскага.

6 траўня каля мемарыяла памяці забітага Тарайкоўскага затрымалі Максіма Сідарэнку і Аляксандра Пуставалава. Судзіць іх пачалі адразу ў той жа дзень у судзе Фрунзенскага раёна, але суддзя абвясціла перапынак, паведамляюць праваабаронцы. Сёння суддзя Ярохіна прадоўжыла судовыя працэсы над хлопцамі.

У Фрунзенскім РУУСе на іх склалі пратаколы па арт. 24.23 КаАП і абвінавацілі ў «пікетаванні шляхам паднятай рукі ўверх і дэманстрацыі жэста „віктары”».

Але сведка-міліцыянт на судзе заявіў, што ўвагу хлопцы прыцягнулі тым, што запалілі лампадкі каля мемарыяла. Максім і Аляксандр гэта адмаўляюць. Таксама сведка сказаў, што з-за іх жэстаў кіроўцы пачалі гучна рэагаваць і сігналіць.

Максім на судзе растлумачыў суду, што яны з сябрам „прыйшлі на месца гібелі Тарайкоўскага, каб выказаць сваю павагу і падтрымку”.

У выніку суддзя Марыя Ярохіна палічыла віну хлопцаў даказанай і арыштавала Максіма і Аляксандра на 13 сутак.

novychas.by