130 тыс. еўра на падрыхтоўку кіналагічнай службы



Грантавы кантракт па праекце міжнароднай тэхнічнай дапамогі „Узмацненне магчымасцяў кіналагічнай службы мытных ведамстваў Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Польшча” падпісаны паміж Менскай цэнтральнай мытняй і Міністэрствам інвестыцый і эканамічнага развіцця Польшчы ад асобы Еўразвяза.

Як паведамляе Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі, вядучым бенефіцыярам праекта выступае Менская цэнтральная мытня. Праект будзе рэалізаваны сумесна з Падатковай адміністрацыяй Беластока, агульны ўклад Еўразвяза складзе каля 220 тыс. еўра, з якіх для Рэспублікі Беларусь — каля 130 тыс. еўра.

Рэалізацыя гэтага праекта накіраваная на барацьбу з арганізаванай злачыннасцю, недапушчэнне крымінальнай дзейнасці і перамяшчэння праз мяжу кантрабандных альбо абмежаваных тавараў.

Павышэнне мабільнасці супрацоўнікаў кіналагічных службаў дазволіць з большай эфектыўнасцю ажыццяўляць мытны кантроль, асабліва ў частцы перамяшчэння забароненых тавараў. З гэтай мэтай будзе арганізаванае навучанне для супрацоўнікаў кіналагічных службаў Беларусі і Польшчы, а таксама закупленыя спецыяльныя транспартныя сродкі для перамяшчэння службовых сабак.

У цяперашні час вядзецца праца па падрыхтоўцы дакументаў на рэгістрацыю праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі, пасля якой пачнецца яго рэалізацыя, удакладнілі ў ДМК.

belapan.by