14 сакавіка ў Берасці адбудзецца “Народнае галасаванне”



Пра гэта паведаміў сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец, які прымае ўдзел у народным галасаванні ў якасці аднаго з кандыдатаў:

– Упершыню ў Беларусі арганізоўваецца народнае галасаванне, каб выбраць адзінага лідара дэмакратычных сіл. Мы выбіраем адзінага лідара, які можа стаць лідарам удзелу, лідарам байкоту ці лідарам пратэстаў. Рашэнне будзе прымацца падчас кампаніі. Я не назваў бы выбарамі тое, што будзе адбывацца ў 2020 годзе з падачы Лукашэнкі і Ярмошынай. Мы ўсе разумеем, што рыхтуецца спектакль. Але адзіны, які набярэ сілу падчас народнага галасавання на Беларусі, можа зламаць сцэнар гэтых фальсіфікацыяў. І мы заклікаем людзей прыходзіць на гэтыя сустрэчы.

Берасцейская сустрэча пачнецца ў канферэнц-зале гатэля “Рэнесанс”, што па адрасе вуліца Дзяржынскага 50, а 11-й гадзіне.

“Запрашаюцца ўсе жадаючыя з ліку грамадзян Рэспублікі Беларусь. Для ўдзелу ў галасаванні абавязкова патрэбен пашпарт”, – дадаў палітык.

Працэдура “народнага галасавання” ўжо адбылася ў некаторых гарадах Віцебскай вобласці.

Беларускае Радыё Рацыя