15 чалавек звярнуліся ў амбасаду Беларусі ў Інданезіі



У сувязі з вывяржэннем вулкана на востраве Балі па дапамогу ў амбасаду Беларусі ў Інданезіі звярнуліся 15 суайчыннікаў, паведамілі ў беларускім дыппрадстаўніцтве.

У прыватнасці, трынаццаць грамадзян звярнуліся па кансультацыю ў сувязі з сітуацыяй на востраве. Яшчэ двум грамадзянам спатрэбілася дапамога, каб памяняць зваротныя білеты і маршрут вяртання. Яны ўжо вылецелі на радзіму.

Раніцай 27 лістапада ў сувязі з павышэннем актыўнасці вулкана Агунг на востраве Балі мясцовыя ўлады ўвялі максімальны ўзровень небяспекі і аб’явілі эвакуацыю. Усе авіярэйсы былі адмененыя як мінімум да 28 лістапада з-за небяспекі, якую ўяўляе вулканічны попел.

Як паведамляюць мясцовыя СМІ, улады Інданезіі працягнулі рашэнне аб закрыцці аэрапорта Нгурах-Рай на востраве Балі да раніцы 30 лістапада.

На сайце пасольства Беларусі ў Інданезіі адзначаецца, што Агунг працягвае выкідваць вулканічны попел. „Прамую пагрозу ўяўляе зона эвакуацыі ў радыусе 10 км ад вулкана, якая з 27 лістапада не пашырана. У паўднёвай, паўднёва-заходняй і паўночна-заходняй частках вострава Балі адносна спакойна. Урад Інданезіі кантралюе абстаноўку, турыстам рэкамендавана заставацца ў гатэлях, дзе можна атрымаць аператыўную інфармацыю аб змене сітуацыі з вулканам”, — гаворыцца ў паведамленні беларускай дыпмісіі.

У выпадку экстранай неабходнасці беларускім грамадзянам рэкамендавана звяртацца ў пасольства Беларусі ў Інданезіі па тэлефонах +62-21-525-13-88, +62-21-525-62-56, па мабільным тэлефоне консульскага супрацоўніка пасольства +62-8-77-777-042-49 або па электроннай пошце: [email protected] і [email protected] БелаПАН