165 гадоў Вандаліну Шукевічу



165 гадоў споўнілася з дня нараджэння выдатнага беларускага навукоўца, гісторыка і археолага – Вандаліна Шукевіча. Будучы акадэмік Кракаўскай Акадэміі навук нарадзіўся ў мястэчку Нача Лідскага павета. Усё сваё жыццё прысвяціў даследванню археалагічных помнікаў Гарадзеншчыны і Віленшчыны. Даследаваў Лідскі і Трокскі замкі. Апошні з іх на ўласныя сродкі выкупіў і ўратаваў ад поўнага разбурэння.

Напачатку ХХ стагоддзя Вандалін Шукевіч адкрыта сімпатызаваў беларускаму нацыянальнаму руху, зазначае галоўна рэдактар часопіса “Лідскі летапісец” – Станіслаў Суднік.

– Вандалін Шукевіч убачыў будучыню беларускага руху. І ў адным са сваіх артыкулаў дае параду палякам, як адносіцца да беларускага руху. Ён гаворыць: “Шаноўныя паны палякі! Калі вы хочаце мець беларусаў у якасці сяброў, то падтрымайце гэты малады, сімпатычны беларускі рух. А калі вы гэтага не зробіце, то ім скарыстаюцца іншыя. І зробяць з беларусаў вам  ворагаў”.

Навуковец апошнія гады жыцця жыў і працаваў  у сваім маёнтку ў Начы. Пісаў артыкулы па гісторыі роднага краю ў віленскую прэсу. Падчас і пасля Другой сусветнай вайны архівы і маёнтак навукоўца былі разрабаваныя. Радавая пахавальня Шукевічаў была адноўленая толькі некалькі гадоў таму.

Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя