17,1 літра чыстага спірту на кожнага беларуса



17,1 літра чыстага спірту на кожнага беларуса. Такая статыстыка, як паведамляе брытанскае выданне Daily Mail, вывела Беларусь на 2 месца ў свеце па ўжыванню алкаголю. Звесткі пра аб’ёмы ўжывання алкаголю ў Беларусі газета Daily Mail узяла з афіцыйных лічбаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя за 2016 год. Валанцёр гомельскай суполкі грамадскага аб’яднання „Ананімныя алкаголікі” Антон перакананы, што самае цяжкае ў пераадоленні алкагалізму — звярнуцца па дапамогу.

— Я вельмі доўга думаў, што алкаголік — гэта сацыяльны статус, што гэта тыя людзі, якія жывуць на вуліцы і ядуць з памыйніцы. Я сябе ніяк не мог ідэнтыфікаваць з імі. На самой справе алкагалізм — захворванне, якое уваходзіць у дзясятку смяротных захворванняў свету. Яно хранічнае і невылечнае, смяротнае, прагрэсуючае, але з магчымасцю ўстойлівай рэмісіі.

У Беларусі дзейнічае каля 90 груп самадапамогі грамадзянаў з алкагольнай залежнасцю, з якімі працуюць валанцёры аб’яднання „Ананімныя алкаголікі”. Як заўважаюць удзельнікі груп, да іх звяртаюцца людзі, якія ўжо выкарысталі ўсе магчымасці для пераадолення алкагалізму.

Ананімныя алкаголікі — гэта духоўная, але не рэлігійная праграма. Гэта праграма зладжаных практычных дзеянняў. У суполцы папраўляюцца дакладна такія ж алкаголікі, яны распавядаюць выключна пра свой досвед. То бок ніхто не робіць ніякіх тэарэтычных выкладанняў. Калі адзін алкаголік мае кантакт з іншым алкаголікам, яны стаяць на роўных прыступках і няма такога паблажлівага грэбавання да алкаголіка, якое даволі выразна адчуваецца ад іншых„, гаворыць удзельнік груп самадапамогі „Ананімных алкаголікаў” Антон.

Групы самадапамогі „Ананімных алкаголікаў” працуюць у Менску, усіх абласных гарадах і ў многіх райцэнтрах. Кантакты для сувязі можна знайсці на афіцыйным сайце аб’яднання.

Паводле статыстыкі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у 2016 годзе на першае месца па ўжыванню алкаголю ў свеце выйшла Малдова з 17,5 літраў чыстага спірту на кожнага жыхара. Трэцяе месца ў рэйтынгу займае Літва з паказнікам 16,2 літра чыстага спірту.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным аўдыёфайле:

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель