18-га красавіка Міжнародны дзень памятных і выбітных месцаў



Штогод 18-га красавіка адзначаецца Міжнародны дзень памятных і выбітных месцаў. Гэтая дата – магчымасць прыцягнуць увагу людзей да пытанняў аховы розных гістарычных помнікаў і месцаў культурнай спадчыны.

На Берасцейшчыне шмат такіх месцаў, якія становяцца для людзей значнымі і дарагімі, як месцы памяці Касцюшкі ці Каліноўскага, кажа гісторык Павел Дайлід:

– Я б хацеў адзначыць важнасць ушанавання мясцінаў звязаных з паўстаннем Каліноўскага на Берасцейшчыне. Справа ў тым, што ў гэтым годзе споўнілася 155 год ад пачатку паўстання, якім кіраваў Каліноўскі. Чыноўнікі вымушана едуць на ўшанаванне памяці Тадэвуша Касцюшкі ў Косава, бо прыязджаюць дыпламаты, гэта міжнародная акцыя. А месцы звязаныя з памяццю пра паўстанне Кастуся Каліноўскага неяк не ўшаноўваюцца афіцыйнымі ўладамі.

Міжнародны дзень памятных і выбітных месцаў устаноўлены ў 1983 годзе Асамблеяй Міжнароднага савета па пытаннях аховы помнікаў і адметных мясцін, створанай пры ЮНЕСКА.

Дзеючы Закон „Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь” быў прыняты Палатай прадстаўнікоў 12 снежня 2005 года і ўхвалены Саветам Рэспублікі 21 снежня 2005 года. Гэты закон адпавядае міжнароднаму заканадаўству датычна фармулёвак. У той жа час ён застаецца дэкларацыяй без рэальнага механізму выканання.

Шматгадовае змаганне грамадскаіх абаронцаў спадчыны паказвае поўную няздольнасць дзяржавы навесці парадак у гэтай сферы.

Беларускае Радыё Рацыя