2 лютага – Сусветны дзень водна-балотных угоддзяў



На календары – Сусветны дзень водна-балотных угоддзяў, які штогод адзначаецца 2-га лютага. Гэта заклік да міжнароднай супольнасці пра неабходнасць беражлівых адносін да асяроддзя пражывання вадаплаўных птушак і важнасць водна-балотных угоддзяў у экасістэме.

Для беларускага Палесся гэта асаблівае значэнне, бо рэкі і багны з’яўляюцца брэндам рэгіёну, які ўпершыю чаргу выкарыстоўваецца ў турыстска-культурніцкай сферы.

Па словах дырэктара рэспубліканскага заказніка “Сярэдняя Прыпяць і Прастыр” Віктара Бяленка, вандроўнікі з Заходняй Еўропы імкнуцца пабачыць тутэйшае воднае багацце:

– Замежныя турысты хочуць паглядзець менавіта такія палеска-беларускія рэкі, балоты. У прынцыпе, я з многімі размаўляў, прырода ў іх такая ж самая як і ў нас. Жывёльны свет такі ж як і ў нас. Здзівіць іх не было чым. А вось рэкі і балоты яны з задавальненнем паглядзелі. Мы ім паказалі. Паехалі задаволеныя.

У апошнія дзесяць год на Палессі назіраецца тэндэнцыя па вяртанню і захаванню водна-балотных угоддзяў, якія актыўна асушаліся ў савецкія часы. Як адзначаюць краязнаўцы, без вады – гэта не Палессе.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя