20 базавых велічынь за пікет



Суд Цэнтральнага раёна Менска аштрафаваў жыхарку Бабруйска, пенсіянерку Валянціну Каваленку за несанкцыянаванае пікетаванне. Штраф, чатыры мільёны дзвесце тысяч рублёў, – гэта нашмат больш за пенсію, якую Каваленка атрымлівае. Пікет адбыўся 31-га сакавіка, яго ўдзельнікі пратэставалі супраць бяздзейнасці судоў і пракуратуры і патрабавалі ад улады выканання законаў і Канстытуцыі. Падчас разгляду справы ў Цэнтральным судзе Валянціна Каваленка палічыла разбіральніцтва перадузятым і пакінула паседжанне:

– У судзе я пратакол прычытаць не змагла. Прозвішчы, нават сваім прадстаўнікам, я не змагла прычытаць, таму што нечытэльна напісана. Усе мае хадаўніцтвы для выяснення ўсіх абставінаў суддзя адхіліў, як ён сказаў: вы мне не будзеце загадваць, як працаваць. Ён не даваў гаварыць, перабіваў, бачна было, што для яго гэта не істотна. Ён думаў, што усё пройдзе фармальна.

Валянціна Каваленка напісала скаргу на суддзю і на міліцыянта, які склаў нечытабельны пратакол. А разгляды справаў удзельнікаў пікетавання 31-га сакавіка працягнуцца. У панядзелак у судзе Цэнтральнага раёна адбудзецца суд над юрысткай і праваабаронцай Тамарай Сяргей.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя