20 чэрвеня – Сусветны дзень бежанцаў



Сусветны дзень бежанцаў адзначаецца 20 чэрвеня. Паводле звестак ААН,  вайна, гвалт ды іншыя прычыны прымусілі стаць унутранымі ці знешнімі перасяленцамі каля 70 мільёнаў жанчын, мужчын і дзяцей. З іх больш за 25 мільёнаў –  бежанцы, большая палова якіх маладзей за 18 год.  У мінулым годзе ў краіны Еўразвяза эмігравалі амаль два мільёны ўцекачоў. Штодня сотні сем’яў вымушаныя бегчы з родных мясцін, каб знайсці падтрымку ў іншых месцах.

Людзі, якія былі вымушаныя ўцякаць са сваіх краін  (Украіны і Расеі) у бліжэйшыя – Беларусь і Польшчу, распавядаюць аб прычынах свайго бежанства:

– Цяжка жанчыне ў Чачні, бо яна цалкам залежыць ад сваіх родных. Калі яна выходзіць замуж, то ад мужа і яго сваякоў.  Чаму я выехала? Бо мы з мужам ужо даўно не жывём разам, і мне не аддавалі дзяцей. Таму я забрала ў яго дзяцей і з’ехала.

– Паколькі ў нас пачаліся ваенныя дзеянні, нас запрасілі сюды пажыць, пакуль яны скончацца. А яны працягваюцца, таму я прадала сваю кватэру. І мы вырашылі тут застацца.

– Я Радзіму пакінуў тры гады таму. Калі ў нас будзе свабода, калі не будуць парушацца правы чалавека, калі будзе вяршэнства закону, а не расправа, тады вернемся канешне.

Сусветны дзень бежанцаў быў заснаваны Генеральнай Асамблеяй ААН 4 снежня 2000 года і штогод адзначаецца 20 чэрвеня, пачынаючы з 2001 г.

У гэты дзень аддаецца даніна павагі моцы духу і мужнасці мільёнаў людзей, якія пераадолелі неверагодныя цяжкасці, каб пачаць жыццё зноўку ў складаных і нязвыклых абставінах.

У Сусветны дзень бежанцаў гучаць заклікі дапамагаць бежанцам інтэгравацца ў грамадстве і спрыяць  паляпшэнню іх жыцця.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Амител

[manual_related_posts]