20 сакавіка – Міжнародны дзень шчасця



Шчасце з’яўляецца адной з самых важных мэтаў чалавека. І ў кожнага яно сваё. У самай шчаслівай краіне Нарвегіі паняцце “шчасце” мае некалькі складнікаў: працягласць жыцця, свабода, адсутнасць карупцыі, сацыяльная падтрымка і іншыя. Для большасці беларусаў шчасце толькі ў сям’і і здароўі блізкіх, як высветлілася з апытання на вуліцах Бярозы:

Шчасце – гэта калі здаровыя ўсе і ўсе дома.

– Каб усе былі жывы і здаровы. Родныя і блізкія. Бо ўсе хварэюць.

– У мяне вельмі добрыя тры дачкі, усе замужам, усе маюць па двое дзяцей. Усе жывуць у сваіх дамах. Муж таксама ідэальны: на працу возіць, з працы сустракае, усё робіць, як трэба. Чаму ж мне не радавацца?!

– Нарадзілася маё дзіцяці, у нас шчаслівая сям’я. Не мільянеры, канешне, але..

Абсалютна шчаслівых было няшмат, як няшмат і абсалютна нешчаслівых. Мала хто гаварыў пра адсутнасць добрай работы і добрага заробку, што робіць людзей не вельмі шчаслівымі, а яшчэ менш гаварылі пра несвабоду, якая не спрыяе шчасцю.

Міжнародны дзень шчасця заснавала Генеральная Асамблея ААН у 2012 годзе, каб падтрымаць ідэю пра тое, што мара пра шчасце з’яўляецца агульнай для ўсіх жыхароў зямнога шара. Гэты дзень закліканы нагадаць, як важна атрымліваць асалоду ад жыцця і дарыць радасць іншым людзям.

Поўны гук слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя, Бяроза