21 год без права апеляцыі — прысуд па справе, якую „раскрыў Лукашэнка”



Вярхоўны суд 11 траўня абвясціў прысуд магілёўцу Юрыю Іванову па справе аб забойстве жыхаркі Магілёва Святланы Паддубскай: 21 год калоніі ўзмоцненага рэжыму. Прысуд набыў законную моц, абскарджанню не падлягае. З маёмасцi ў Іванова канфіскавалі айфон, піша tut.by.

Пацярпелыя, бацька і сын забітай, на абвяшчэнне прысуду не прыйшлі. Раней яны заявілі маральны пазоў на 600 тысяч рублёў. Суд пастанавіў, што Іваноў мусіць выплаціць пацярпелым 300 тысяч рублёў. 

У сваім апошнім слове Іваноў зазначыў: „Няма прылады злачынства, няма матыву (…). Я павінен адкрыць таямніцу, як выйграў першы суд. Я не вінаваты. Вось і ўсё (…). Калі б я быў забойцам, то плакаў бы, валяўся каля ног, прасіў змякчыць пакаранне, але я гэтага не раблю, таму што невінаваты. Святлана была ў секце, гэтая арганізацыя прызнаная экстрэмісцкай. Чаму ніхто не адпрацоўваў гэтую версію? У мяне больш пытанняў, чым адказаў. (…) Высокі суд, прашу мяне апраўдаць”.

Справа ў Вярхоўным судзе разглядалася ўжо другі раз. Першы раз, у 2010 годзе, мужчыну апраўдалі за недаказанасцю злачынства, вызвалілі ў зале суда і выплацілі кампенсацыю. Праз 7 гадоў Іванову зноў выставілі абвінавачванне — пасля таго, як у справу ўмяшаўся Аляксандр Лукашэнка, на прыём да якога прыйшоў бацька забітай жанчыны. Тады кіраўнік дзяржавы заявіў, што за суткі вывучыў справу і даручыў знайсці і затрымаць вінаваўцу. 

На судзе ў 2018 годзе пракурор Сяргей Гіргель папрасіў суд прысудзіць Іванова да 22 гадоў пазбаўлення волі. А адвакатка Людміла Чэчыкава заявіла, што злачынства не раскрытае дагэтуль і яе падабароннага трэба апраўдаць.

Пацярпелы Леанід Сляпнёў, бацька забітай, прасіў для Іванова смяротнае пакаранне.

[manual_related_posts]