21 траўня – Дзень палітвязня ў Беларусі



21 траўня – Дзень палітвязня ў Беларусі. Яго абвясціў Праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Менавіта ў гэты дзень год таму ў калоніі памёр палітзняволены Вітольд Ашурак. Таму дата абраная невыпадкова, кажа прадстаўніца ПЦ “Вясна” Марына:

– Смерць Вітольда Ашурка ў калоніі – гэта непасрэдна той дзень, на які варта звярнуць увагу. Таму што палітвязні, якія знаходзяцца за кратамі, яны знаходзяцца не толькі ў няволі, але яшчэ і ў небяспецы. І пра гэта яскрава сведчыць смерць Вітольда за кратамі.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” прапануе ўсім далучацца да Дня палітвязня праз розныя дзеянні. Напрыклад:
– арганізаваць акцыю ў сваім горадзе;
– прычапіць да адзення сімбалічную “жоўтую бірку экстрэміста” (якая была і ў Вітольда Ашурка ў калоніі);
– напісаць ліст палітзняволеным;
– запаліць ўвечары 21 траўня свечку памяці Вітольду Ашурку;
далучыцца да праекту па вышыванні партрэтаў палітвязняў ад Руфіны Базловай;
ды інш.

Больш актыўнасцяў ды прапановаў можна знайсці на сайце Праваабарончага цэнтра “Вясна”, або прыдумваць свае. А таксама праваабаронцы “Вясны” просяць дасылаць ім фота і відэа вашых салідарных дзеянняў з нагоды Дня палітвязня.

Беларускае Радыё Рацыя