23 красавіка – Міжнародны дзень ангельскай мовы



Ангельская мова становіцца мовай глабальных зносін. Важнасць і патрэбу ў яе веданні ўжо добра разумеюць і на постсавецкай прасторы. У Грузіі штуршок да вывучэння ангельскай мовы быў атрыманы ад тагачаснага прэзідэнта Міхаіла Саакашвілі, ва Украіне – ад  прэзідэнта Пятра Парашэнкі. Яны самі добра валодаюць ангельскай мовай.

Калі краіна адкрытая для свету, грамадзяне павінны валодаць ангельскай мовай для свайго росту. Беларусы прыйшлі да такога разумення самі. Гэта паказала апытанне мінакоў на вуліцах Бярозы:

– Ва ўсіх краінах абавязкова мусяць ведаць ангельскую мову, бо яна самая распаўсюджаная. Калі мы будзем ведаць ангельскую мову, то тут за капейкі мы працаваць не будзем.

– Гэта міжнародная мова, якую неабходна ведаць у першую чаргу, калі ты хочаш падарожнічаць, супрацоўнічаць з замежнымі кампаніямі і ўвогуле быць цывілізаваным чалавекам.

– Трэба ведаць. Калі прыязджаюць у Бярозу замежнікі, каб з імі можна было размаўляць.

– Трэба ведаць, каб быць разам, каб размаўляць. І яшчэ таму, што вельмі шмат беларусаў з’язджаюць жыць і працаваць за мяжу. Бо тут немагчыма ні працаваць, ні жыць. Таму трэба вучыць ангельскую мову.

Міжнародны дзень ангельскай мовы адзначаецца ў адпаведнасці з рашэннем ААН. Менавіта ў гэты дзень нарадзіўся Уільям Шэкспір. Упершыню Міжнародны дзень ангельскай мовы, як і дні іншых афіцыйных моваў ААН, адзначылі ў 2010 годзе.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота ruspekh.ru