24-гадовага музыканта з Гомеля адправілі ў калонію на тры гады за гвалт над міліцыянерам



Суд Цэнтральнага раёна Гомеля 9 ліпеня прыгаварыў да трох гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму 24-гадовага жыхара абласнога цэнтра музыканта Паўла Ларчыка. Яго абвінавацілі ў гвалце над супрацоўнікам міліцыі.

20 верасня 2020 года падчас акцыі пратэсту ўпаў міліцыянер. Першапачаткова ў гэтым вінавацілі сябра Ларчыка — Аляксея Губіча. Але Губіча судзілі ў закрытым рэжыме за гвалт у дачыненні да невядомага супрацоўніка АМАП. У сакавіку 2021 года за міліцыянера, які ўпаў, затрымалі Ларчыка.

Працэс вяла суддзя Алеся Восіпава, дзяржабвінаваўцам выступіла Юлія Кружнова.

На судзе абвінавачаны заявіў, што не біў міліцыянера. Ларчык, паводле яго слоў, упаў у таўханіне на асфальт, нехта цягнуў яго за нагу, ён „брыкаўся” і неспадзявана зачапіў міліцыянера. Ён праваахоўніка не бачыў з-за таўханіны, а вочы былі закрытыя доўгімі валасамі.

Малады чалавек прынёс прабачэнні пацярпеламу. Бок абвінавачання палічыў даказанай віну Ларчыка ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 364 Крымінальнага кодэкса. Пракурор запрасіла тры з паловай гады пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі агульнага рэжыму.

Музыкант прасіў не пазбаўляць яго волі, не разлучаць з роднымі людзьмі і дзяўчынай, з якой ён збіраўся ўзяць шлюб.

belapan.by