25 сутак за надпіс на майцы



Гомелец Ілля Міронаў правядзе 25 сутак у ізалятары часовага ўтрымання за надпіс на майцы. Валанцёра пакаралі за тое, што ён нібыта зладзіў несанкцыяванае пікетаванне, апрануўшы саколку, на якой было напісана: “Пішыце лісты”.

Маці актывіста Валянціна Міронава гаворыць, што суддзя Цэнтральнага раённага суда Гомеля Віктар Казачок, які разглядаў матэрыялы справы, праігнараваў аргументы абароны.

– Адвакат малайчына, яна шмат зрабіла. Мы былі перакананыя, што тут увогуле нічога не можа быць. І тым не менш заключны вердыкт – 25 сутак. Такое адчуванне, што была замова і выканалі.

Ілля Міронаў – вядомы ў Гомелі актывіст, валанцёр. Летась ён вярнуўся з-за мяжы, каб далучыцца да грамадскай дзейнасці па дапамозе рэпрэсаваным беларусам. Акрамя гэтага, ён з’яўляецца рэкардсменам па колькасці напісаных лістоў палітвязням. На ягоным рахунку – каля 2500 лістоў беларусам, якія апынуліся за кратамі ў выніку пратэстаў супраць уладаў.

Беларускае Радыё Рацыя