28-гадовую жыхарку Віцебска забілі за кватэру



28-гадовую жыхарку Віцебска забілі дзеля завалодання яе кватэрай. Забойства было раскрыта на працягу некалькіх гадзін, паведамляе сайт УУС Віцебскага аблвыканкама.

24 верасня ўчастковаму інспектару АУС Кастрычніцкага раёна Віцебска паступіла аператыўная інфармацыя аб учыненні забойства. „Тэрмінова была арганізавана праверка гэтай інфармацыі. На грунтоўнае абследаванне меркаванага раёна пахавання ў лясным масіве накіраваныя супрацоўнікі Кастрычніцкага і Лёзненскага аддзелаў унутраных спраў, — гаворыцца ў паведамленні. — У ходзе пошукавых мерапрыемстваў у яме пад дрэвам, якое ўпала, сапраўды быў знойдзены закапаны труп жанчыны з пашкоджаннямі ў вобласці галавы”.

На месца здарэння выбывала следча-аператыўная група. У выніку праведзенага комплексу аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў супрацоўнікамі міліцыі ўжо да вечара былі ўстаноўленыя і затрыманыя падазраваныя ў забойстве жыхары абласнога цэнтра — 21-гадовы мужчына і 24-гадовая жанчына.

Папярэдне ўстаноўлена, што 18 верасня пасля сумеснага распівання спіртных напояў у Віцебску ў кватэры 28-гадовай загінулай у яе знаёмых узнік намер на завалоданне жыллём. З гэтай мэтай яны вывезлі жанчыну ў лес, дзе нанеслі ёй некалькі ўдараў па галаве, пасля чаго закапалі цела.

Праводзіцца судова-медыцынская экспертыза з мэтай даследавання характару траўмаў і ўстанаўлення прычыны смерці загінулай.

Праваахоўнікам трэба будзе высветліць усе акалічнасці здарэння, а таксама ўстанавіць усё кола асоб, якія маюць дачыненне да забойства. Па гэтым факце Лёзненскім раённым аддзелам Следчага камітэта распачата крымінальная справа.

belapan.by