28 красавіка пачаў працу памежны пераход «Лясная – Рудаўка»



Магчымасці для падарожжаў раварыстаў, пешых турыстаў, а таксама прыхільнікаў сплаваў на байдарках пашыраюцца, распавядае «Гродзенская праўда». Памежны пераход «Лясная – Рудаўка» ўвесь сезон – з 28 красавіка па 1 кастрычніка – будзе працаваць штодня з 8-й раніцы да 20-й вечара. Перасекчы мяжу ў гэтым месцы пешшу, на ровары, байдарцы або маламерным судне можа кожны турыст, у каго ёсць віза альбо дазвол на бязвізавы ўезд. Пры гэтым апавяшчаць памежнікаў пра свой намер загадзя не патрабуецца: з мінулага года заяўны прынцып, па якім раней перасякалі пункт пропуску арганізаваныя групы, адменены.

У мінулым сезоне тут беларуска-польскую мяжу перасеклі звыш дзвюх з паловай тысяч турыстаў. Ва ўпраўленні спорту і турызму аблвыканкама распавялі, што сёлета, улічваючы павелічэнне тэрміну часовага знаходжання да 10 сутак і пашырэнне даступных для бязвізавых турыстаў тэрыторый на ўвесь Гарадзенскі раён, чакаецца рост патоку замежных турыстаў.

«Толькі ў мінулыя выходныя каля 2 тысяч замежнікаў, якія вандруюць без віз, наведалі Гародню і наваколлі», – адзначылі ва ўпраўленні спорту і турызму аблвыканкама.

Найбольшую цікавасць наш рэгіён выклікае ў жыхароў Літвы, Польшчы, Нямеччыны і Латвіі.

Беларускае Радыё Рацыя