3 снежня – Міжнародны дзень інвалідаў
Міжнародны дзень інвалідаў адзначаецца 3 снежня. У гэты дзень асаблівая ўвага надаецца людзям з абмежаванымі магчымасцямі, з іх удзелам праходзяць акцыі, святы ды канцэрты.
Пра людзей з абмежаванымі магчымасцямі ўзгадваюць у Глыбокім не толькі ў гэты дзень. З імі вядзе круглагадовае супрацоўніцтва дабрачынная арганізацыя “Карытас” пры касцёле Святой Тройцы.
Паводле кіраўніка арганізацыі Генадзя Бервячонка, у адрозненне ад іншых слаёў грамадства, людзі з абмежаванымі магчымасцямі не просяць аб матэрыяльнай дапамозе. Як ні дзіўна, іх усё задавальняе.
– У першую чаргу гэтым людзям патрэбна як мага больш увагі і нашай дабрыні. Ім вельмі патрэбна, каб яны ў нашым грамадстве сябе адчувалі раўнапраўнымі грамадзянамі.
У Беларусі жыве каля паўмільёна людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Але краіна толькі ў верасні мінулага года далучылася да Канвенцыі аб правах інвалідаў, прынятай Генасамблеяй ААН у 2006 годзе. Наша краіна стала апошняй дзяржавай Еўропы, якая падпісала гэты дакумент.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя