Абвешчаны прысуд 14 фігурантам “пінскай справы” (абноўлена)



Агучаны прысуд першай групе фігурантаў “пінскай справы”. Суддзя Яўген Брэган пакараў чатарнаццаць пінчукоў-палітвязняў тэрмінамі ад пяці з паловай да шасці з паловай гадоў зняволення, як таго і запрасілі пракуроры.

“Увесь працэс – гэта быў загадзя напісаны сцэнар”, – гаворыць праваабаронца Алесь Рамановіч:

– Усё было спланавана загадзя. Пасля ўсіх гэтых падзей дагэтуль ідзе справа, яна яшчэ не закрытая. Яшчэ людзей шукаюць, глядзяць нейкія відэа. Людзей выклікаюць і распытваюць іх пра 9 жніўня. Усё было зроблена так, каб пасля па ўсіх  афіцыйных СМІ паказаць, што людзі зрабілі такі крок і яны пакараныя за гэта, і пакараныя не слаба.

Адзінае, дзе суддзя Яўген Брэган праявіў ініцыятыву – гэта істотна зменшыў сумы маральных кампенсацый, якія запрасілі звыш сямідзесяці пацярпелых міліцыянтаў са ста дзевяці. Агульная сума, якую заявілі сілавікі, складала 530 тысяч рублёў, то цяпер яна дакладна ўдвая меньшая, гавораць сваякі палітвязняў.

* * * 

Сёння, 30 кастрычніка, будзе агучаны прысуд чатырнаццаці фігурантам “пінскай справы”. Пракуроры Міхаіл Дайнэка і Сцяпан Ляшок запрасілі для пінчукоў-палітвязняў ад пяці з паловаю да шасці з паловаю гадоў турмы ўзмоцненага рэжыму.

“Паплечнікі і сваякі падрыхтаваліся да самага горшага”, – адзначае праваабаронца Алесь Рамановіч:

– На жаль, усе ведаюць, тое, што запрасіў пракурор, тое суддзя хутчэй за ўсё і дасць. Нейкай надзеі, што суддзя кагосьці апраўдае таксама ні ў каго няма. Людзі ўжо фактычна да гэтага падрыхтаваныя. Застаецца толькі чакаць нейкіх пераменаў у Беларусі. Толькі тады іх сваякі выйдуць. Але ўсё ж такі да апошняга, напэўна, яны не гублялі надзею, пакуль працавалі адвакаты, пакуль быў суд.

Нагадаем, што чатырнаццаць жыхароў Пінска судзяць за ўдзел у стыхійным мітынгу ў першую паслявыбарчую ноч пад будынкам Пінскага гарвыканкама. Тады каля трох тысяч пінчукоў выйшлі патрабаваць сумленнага падліку галасоў, але калі міліцыянты паспрабавалі атачыць натоўп, то адбылася жорсткая сутычка з сілавікамі.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]