Марш за Незалежнасць 30 жніўня ў Гародні (абноўлена)



Бліжэй да 9-й гадзіны вечара стала ведама, што Лізу Мерляк адпусцілі.

Пасля завяршэння Маршу незалежнасці ў Гародні ў раёне аўтавакзалу адбыліся масавыя затрыманні. Колькасць затрыманых пакуль невядомая.

У канцы гарадзенскага маршу стала ведама, што былі затрыманыя некаторыя актывісты, у прыватнасці Ліза Мерляк, а таксама Андрэй Янковіч, які рабіў флэш-моб. У Гародні ў канцы маршу людзі рушылі па вуліцы да аўтавакзалу. Па ўсіх прылеглых вуліцах улада нагнала аўтазакаў. Паведамляецца пра адзінкавыя затрыманні.

Прыйшоўшы да псіханеўралагічнага дыспансера, гарадзенцы не сталі разыходзіцца. Праўдападобна, калона ўдзельнікаў рушыць зноў у бок чыгуначнага вакзалу. Гарадзенцы дайшлі да псіханеўралагічнага дыспансера, што па вуліцы Шчорса. Гэта такое сімвалічнае „пасланне” Лукашэнку, які, прайграўшы выбары, не хоча сыходзіць з пасады кіраўніка дзяржавы. На гэтым месцы гарадзенцы запусцілі ў неба чорныя шарыкі – яшчэ адзін сімвалічны жэст дэманстрантаў. Людзі скандавалі „Забярыце Сашу!”.

Усяго на акцыю ў Гародні сабралася каля 10 тысяч чалавек. Як паведаміў наш карэспандэнт Сяргей Апановіч у канцы маршу сілавікі ў чорным спрабавалі затрымаць каля 10 чалавек, сярод якіх быў і мужчына стылізавана пераапрануты на падабенства былога прэзідэнта. З ім быў плакат „Прэзідэнт ненастаяшчы”. Калона вярнулася на дапамогу і адбіла спробу затрымання. У канцы акцыі людзі скіраваліся ў бок псіханеўралагічнага дыспансера, што на вуліцы Шчорса. Гэта такі сімвалічны паход гарадзенцаў, прысвечаны палітычнаму шляху Лукашэнкі.

Людзі ў Гародні знаходзяцца пераважна на вуліцы Будзённага каля чыгуначнага вакзалу і на праспекце Касманаўтаў каля аўтавакзалу.

У Гародні людзі сабраліся ў некалькіх частках гораду.

У Гародні дзве калоны, якія збіраліся каля стадыёна і на чыгуначным вакзале імкнуцца злучыцца.

Людзі ў раёне чыгуначнага вакзалу

Людзі збіраюцца на скрыжаванні вуліц Горкага і 17 Верасня. Вельмі шмат вялізных лужын, вады месцамі па калена. Людзі выстройваюцца ў ланцуг уздоўж вуліцы Горкага насупраць стадыёна „Нёман”.

13.25. Паводле папярэдняй інфармацыі людзі пачнуць збірацца ў раёне стадыёна „Нёман”. На чыгуначным вакзале ўлады сабралі чырвона-зялёную калону. У горадзе зараз ідзе моцны дождж.

У Гародні 30 жніўня павінен таксама адбыцца Марш міру і незалежнасці. Цэнтральная плошча Леніна перакрыта металічнай агароджай. Па горадзе ездзяць аўтазакі, „упрыгожаныя” чырвона-зялёнымі сцягамі.

Плошча Леніна ў Гародні

Вуліца Кастрычніцкая ў Гародні

Беларускае Радыё Рацыя

фота Сяргея Апановіча, Якуба Сушчынскага, Беларускае Радыё Рацыя і тэлеграм-каналу Гродно Для Жизни