31-ая гадавіна чарнобыльскай катастрофы



Самая буйная ў гісторыі чалавецтва тэхнагенная катастрофа адбылася 26 красавіка 1986 года ў 1 гадзіну 23 хвіліны на чацвёртым энергаблоку Чарнобыльскай АЭС. Нягледзячы на тое, што станцыя размешчаная ва Украіне, больш за 70% усіх радыенуклідаў, якія выпалі ў выніку аварыі, асела на тэрыторыі Беларусі.

Ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы пацярпела каля 2 млн жыхароў Беларусі, у тым ліку больш за паўмільёна дзяцей. Тэрыторыя краіны на доўгі час стала зонай экалагічнага бедства.

На сёння ў зоне радыеактыўнага забруджвання знаходзіцца 2 371 населены пункт. Колькасць насельніцтва, якое пражывае ў забруджанай зоне, складае каля 1,1 мільёна чалавек (12% усяго насельніцтва краіны).

Беларускія ўлады маюць намер адрадзіць пацярпелыя землі, зрабіць іх прыдатнымі для пражывання і вырошчвання прадуктаў харчавання. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей, выступаючы 25 красавіка 2016 года ў Менску на міжнароднай канферэнцыі, арганізаванай беларускім урадам і Праграмай развіцця ААН. Прэзідэнт і ўрад, паводле слоў Макея, „думаюць пра тое, каб быў забяспечаны жорсткі радыяцыйны кантроль за прадукцыяй, якая паходзіць з земляў, якія ў свой час пацярпелі ад чарнобыльскай катастрофы”.

Супраць гаспадарчага асваення і засялення забруджаных тэрыторый выступаюць прадстаўнікі беларускай апазіцыі і эколагі. Яны таксама патрабуюць ад уладаў спыніць будаўніцтва Беларускай АЭС, раскрыць праўдзівую інфармацыю пра наступствы аварыі на ЧАЭС у Беларусі, забяспечыць сістэмны і даступны грамадзянам радыелагічны кантроль.

Сёння ў Менску пройдзе традыцыйная акцыя „Чарнобыльскі шлях”.

Паводле БелаПАН

[manual_related_posts]