4 гады „хатняй хіміі” за відэа з вайсковай тэхнікай



9 чэрвеня Берасцейскі абласны суд вынес рашэнне па справе Вольгі Буян, якую абвінавачваюць у „садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці” па ч. 1 арт. 361-4 КК.

Судовае пасяджэнне ўзначаліла Вера Філонік — адна з самых „рэпрэсіўных” суддзяў не толькі ў рэгіёне, але і ў краіне, якая вельмі хутка зрабіла сваю кар’еру. Толькі за год, са жніўня 2020-га па кастрычнік 2021-га, суддзя, якой крыху больш за 30 гадоў, вынесла каля 40 „палітычных” прысудаў, жорстка пакараўшы беларусаў за іх грамадзянскую пазіцыю. Філонік судзіла людзей цэлымі групамі і ўдзельнічала ў самых гучных справах рэгіёна: „Берасцейскія беспарадкі”, „Пінская справа”, „Справа карагодаў”…

Справа Вольгі Буян, якую суддзя разглядала гэтым разам, таксама „палітычная”.

Вядома, што абвінавачанай 27 гадоў. Жанчына жыве ў пасёлку Рэчыца Столінскага р-на, у 7 км ад беларуска-ўкраінскай мяжы, і выхоўвае маленькага дзіцяці.

21 сакавіка 2022 года Вольга адводзіла дзіця ў садок. Па дарозе ўбачыла вайсковую расейскую тэхніку з апазнавальнымі выявамі, зрабіла з ёй відэа і адправіла ў тэлеграм-бот праекта „Беларускі Гаюн”.

Нагадаем, тэлеграм-бот „Беларускі Гаюн” з мэтай адсочваць перамяшчэнне расейскіх войскаў па тэрыторыі Беларусі запусціў блогер Матолька. Гэты ж праект апублікаваў 3-гадзіннае відэа са службы дастаўкі „СДЭК”, на якім расейскія вайскоўцы меркавана адпраўляюць скрадзеныя з украінскіх тэрыторый рэчы. Беларускія ўлады прызналі „Беларускі Гаюн” „экстрэмісцкім фарміраваннем”.

Як стала вядома падчас судовага пасяджэння, пасля таго, як Вольга адправіла відэа з ваеннай тэхнікай у тэлеграм-бот, сілавікі пачалі яе высочваць. Асобу жанчыны высветлілі па відэакамерах, якія былі ўсталяваныя на чыгуначным пераездзе.

Відэа, якое зняла Вольга, з’явілася на канале „Беларускі Гаюн” у 11.32. Па ім было зразумела, што здымкі вяліся з машыны. Па часе здымкаў сілавікі вызначылі машыну жанчыны. Неўзабаве Вольгу затрымалі і запісалі з ёй „пакаяльнае відэа”.

Сваю віну падчас суда абвінавачаная цалкам прызнала. Пракурорка Вольга Грыцкевіч запрасіла для Вольгі Буян абмежаванне волі тэрмінам на 4 гады.

9 чэрвеня суд Берасцейскі вобласці прызнаў жанчыну вінаватай у здзяйсненні злачынства па ч. 1 арт. 361-4 КК і прызначыў Вольге Буян пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 4 гады. Мабільны тэлефон абвінавачанай, як сродак здзяйснення злачынства, суд канфіскаваў.

Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.

spring96.org

[manual_related_posts]