4 лютага грузаперавозчыкі збяруцца ля будынка Савета міністраў



Беларускія грузаперавозчыкі збіраюцца 4 лютага на акцыю каля будынка Савета міністраў. Уладальнік фірмы міжнародных перавозак Сяргей Штода ў відэазвароце, распаўсюджаным у Інтэрнэце, распавёў пра тое, як пры збегу абставінаў і з шэрагу тэхнічных памылак з міжнародных грузаперавозчыкаў у Беларусі ўлады запатрабавалі паводле розных звестак ад 50 да 80 тысяч еўра штрафу за нібыта парушэнні правілаў перавозак па платных дарогах краіны.

– Паўтара года мы соўгаліся па кабінетах, па прыёмах – усё бессэнсоўна. Усе нашыя чаканні і вера ў справядлівасць – усё абрынулася. Са жніўня 2013 года ўвялі платныя дарогі. Інфармацыя: як працуе сістэма, як карыстацца, што гэта ўвогуле такое – усё гэта схавана і паўсакрэтна, мала дзе было размешчана. Паралельна ўвялі штраф за няправільнае карыстанне бартавым прыборам.

Заўтра раніцай запланавана сустрэча прадстаўнікоў грузаперавозчыкаў з віцэ-прэм’ерам Васілём Мацюшэўскім. Ад вынікаў сустрэчы будуць залежыць далейшыя дзеянні. Ужо паслязаўтра дырэктары фірмаў, якія пацярпелі і ўжо паспелі збанкрутаваць, выйдуць да будынка Савета міністраў з патрабаваннем скасаваць штрафы, вярнуць незаконным спосабам канфіскаваныя з рахункаў грошы і даць магчымасць спакойна працаваць і плаціць падаткі.

Беларускае Радыё Рацыя