4 студзеня ў Лідзе суд за пікет супраць інтэграцыі



На 4 студзеня ў Лідзе прызначаны суд над Іллём Шаблінскім за ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй і за незалежнасць Беларусі. 22 снежня ён і яшчэ некалькі невядомых маладых людзей выйшлі да помніка Гедыміну, а пасля прайшліся да цэнтральнай гарадской плошчы, гутарылі з мінакамі пра захаванне незалежнасці краіны. Тады акцыя прайшла без затрыманняў.

Ілля Шаблінскі быў выкліканы ў РАУС для складання пратакола:

– Каб людзі зразумелі, што можна выходзіць, выказваць сваё меркаванне. У нас суверэнная дзяржава, мне хочацца, каб яна такой і заставалася. Каб людзі ў іншых маленькіх гарадах ведалі, што можна выйсці і за гэта нікога не пасадзяць, каб не баяліся. 

Грамадскі актывіст Вітольд Ашурак, які выходзіў з плакатам „Беларусь – не Расея”:

– Сорамна, што за незалежнасць Беларусі выходзяць падлеткі, дзеці, а дарослыя дзядзькі і цёткі сядзяць па норах і ціха шэпчуць, што яны з нечым там нязгодныя. Я б хацеў, каб мне не было сорамна. Хацелася нагадаць людзям, што Беларусь – гэта не Расея.

Судзіць Іллю Шаблінскага будуць па артыкуле 23.34 частка 1. Пачатак разгляду справы ў Лідскім раённым судзе – 4 студзеня а 15:30.

Беларускае Радыё Рацыя