40-гадовы мянчук падазраецца ў вырабе дзіцячай парнаграфіі



Галоўным следчым упраўленнем Следчага камітэта Беларусі расследуецца крымінальная справа аб вырабе матэрыялаў парнаграфічнага характару.

Як паведамляе аддзел інфармацыі і сувязі з грамадскасцю СК, у верасні 2018 года супрацоўнікі дэпартамента кіберпаліцыі Нацыянальнай паліцыі Украіны прадставілі беларускім праваахоўным органам інфармацыю пра тое, што на тэрыторыі Беларусі знаходзіцца карыстальнік інтэрнэту, які можа мець дачыненне да вырабу, рэкламавання і распаўсюджвання парнаграфічных матэрыялаў з выявай малалетніх.

Атрыманыя звесткі былі правераны ў ходзе аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў супрацоўнікамі ГУНіСГЛ МУС Беларусі, якія ўстанавілі асобу 40-гадовага мінчаніна.

Следчым камітэтам па факце вырабу, рэкламавання і распаўсюджвання парнаграфічных матэрыялаў з выкарыстаннем заведама малалетніх распачатая справа па ч. 3 арт. 343-1 Крымінальнага кодэкса.

Па падазрэнні ў здзяйсненні ўказанага злачынства 5 лютага мужчына затрыманы.

Паводле дадзеных следства, у 2017 годзе падазраваны займаўся стварэннем сцэнарыяў фільмаў парнаграфічнага зместу. Па гэтых сцэнарыях двое жыхароў Украіны выраблялі відэаролікі з удзелам малалетняга. Устаноўлены выпадак, калі ў здымках удзельнічала пяцігадовае дзіця. Для забеспячэння канспірацыі пры разліках падазраваны выкарыстоўваў крыптакашалёк. У далейшым адзнятыя відэаматэрыялы размяшчаліся на спецыялізаваных сайтах з мэтай продажу.

Следчымі па месцы жыхарства падазронага праведзены вобыск, падчас якога канфіскаваная камп’ютарная тэхніка, а таксама электронныя носьбіты з інфармацыяй. Вядома, што мужчына працуе кіраўніком аддзела ў адной з арганізацый і раней да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся.

Расследаванне справы працягваецца.

belapan.by

[manual_related_posts]