Сяргей Няроўны: Мы застаемся ў незарэгістраваным фармаце



«Вольны горад» – газета, якая выдаецца ў Крычаве, што ў Магілёўскай вобласці, ужо 16 гадоў, і мае значны ўплыў на грамадства. На карысць і развіццё газеты працуе восем чалавек, сярод якіх прафесійныя журналісты.

Паводле рэдактара Сяргея Няроўнага, хоць ім і не ўдалося зарэгістраваць газету, але ў гэтым ёсць і вялікі плюс – у такім фармаце газеце не патрэбна самацэнзура, і яна можа заставацца больш уплывовай:

– Мы застаемся да гэтага часу ў незарэгістраваным фармаце. Гэта дазваляе нам быць больш разняволенымі і больш вострымі. Другое, што гэта характар людзей, якія працуюць тут. Трэцяе, гэта запатрабаванасць чытачоў – бачыць “Вольны горад” такім, якім ён існуе.

Паводле рэдактара, колькі кватэр яны не здымалі пад офіс, адусюль іх выганялі пры дапамозе міліцыі, ды запужвалі гаспадароў кватэр. Але зараз знайшоўся 76-гадовы сябра БНФ, які даў ім дах над галавой і якога запужаць складана.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя