Незалежную журналістку аштрафавалі на 60 базавых



Агулам 60 базавых велічынь штрафу – такі прысуд агучыў суд Ленінскага раёну Берасця ў дачыненні да журналіста-фрылансера Аліны Літвінчук.

Pol

Суд адбыўся 3 чэрвеня, хоць позву ў пісьмовым выглядзе журналістка не атрымала (ёй прыйшло толькі смс-паведамленне), аднак вырашыла прыйсці на судовае пасяджэнне. Практыка ранейшых працэсаў над іншымі журналістамі паказвае, што разгляд справы можа прайсці і пры адсутнасці абвінавачанага.

У судзе разглядаліся 2 справы, па кожнай з іх журналістку асудзілі на 30 базавых велічынь паводле артыкула 22.9 КоАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ).

Па першай справе выступала ІП Святлана Пашалюк, а па другой – грамадская актывістка Алена Каховіч. Святлана Пашалюк у судзе пацвердзіла, што да яе прыходзілі супрацоўнікі КДБ, якія яе апыталі, далі пра мяне ўсю інфармацыю, у тым ліку імя і прозвішча. На падставе гэтай інфармацыі і аператыўнай зводкі сведка зрабіла выснову, што я ажыццявіла супрацьпраўнае дзеянне ў адносінах да яе. Другая сведка – Алена Каховіч – пацвердзіла, што да яе таксама прыходзіў супрацоўнік КДБ, які папрасіў яе падпісаць адміністрацыйны пратакол, складзены ўчастковым. Сведка пацвердзіла, што сустракалася са мной і ведае, хто я такая, але не пацвердзіла факт, што было інтэрв’ю.

РР: Якія ў судзе былі прадстаўлены доказы і дакументы?

Па-першае, гэта пратаколы. Пацярпелыя – гэта сведкі, у дачыненні да якіх нібыта былі супрацьпраўныя дзеянні, а менавіта распаўсюд інфармацыі нібыта без іх дазволу, ды яшчэ журналістам, які не акрэдытаваны і гэтак далей. Таксама ўчастковы звяртаўся ў абласны аддзел унутраных спраў, у КДБ. КДБ рабіла выснову, што такая дзяўчына сапраўды працуе на такі сродак масавай інфармацыі і не мае акрэдытацыі. Таксама быў запыт у МЗС. І было абследаванне сайту на прадмет наяўнасці інтэрв’ю. У судзе былі прыкладзеныя раздрукоўкі з сайту Беларускага Радыё Рацыя, на якіх і былі пазначаныя тыя матэрыялы, на якія яны спасылаліся. На падставе ўсяго гэтага і была зроблена выснова, што я незаконна вырабіла і распаўсюдзіла інфармацыю.

РР: Аліна, а якую аргументацыю суду ты сама прадставіла? Ці быў адвакат?

Суд і пачаўся з таго, што ён быў перанесены. Калі я прыйшла ў суд, то падала хадайніцтва, што мне патрэбны адвакат і патрэбны час, каб яго знайсці. Мне далі тры гадзіны, каб заключыць дамову з адвакатам, але чалавек, які быў згодны заняцца маёй справай, якраз быў на іншым працэсе. Тады я выступіла з новым хадайніцтвам, каб мне далі больш часу, але суддзя палічыў, што я замаруджваю справу і адмовіў.  Потым я хадайнічала, каб мяне азнаёмілі з матэрыяламі справы. Мяне азнаёмілі, але ў пратаколах было пазначана, што я нібыта адмовілася ад сведчанняў. Але я падала суду позву да ўчастковага, якую мне даслалі, я хадзіла да ўчастковага, аднак ён сам не з’явіўся. То бок я не размаўляла з участковым, а ў пратаколе ўчастковага пазначана, што адмовілася ад сведчанняў. Таму я звярнула ўвагу суда, што для судовага пасяджэння ўвогуле няма падставаў. Выходзіць матэрыялы справы сфабрыкаваныя. Але суд адхіліў і гэтае маё хадайніцтва, бо суд мае высветліць маю пазіцыю ў час пасяджэння.

Таксама было хадайніцтва пра выклік участковага ў суд і супрацоўніка КДБ, які прыходзіў да сведак, але гэтыя хадайніцтвы судом таксама былі адхіленыя.

Аліна Літвінчук пасля агалошвання прысуду – агулам 60 базавых велічынь штрафу – падала заяву, у якой адзначыла, што лічыць прысуд несправядлівым, які парушае яе правы паводле нацыянальнага і міжнароднага заканадаўстваў, у тым ліку Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, а таксама адзначыла, што лічыць справу палітычна матываванай:

То бок напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў на актывістаў і на журналістаў, незаконным шляхам, прадстаўнікі КДБ, судовых інстанцый, участковыя і гэтак далей спрабуюць аказаць ціск, каб была меншая актыўнасць, і каб захаваць дзеючую ўладу.

РР: Ці плануеш абскарджваць гэтае рашэнне суда, ці бачыш сэнс у гэтым абскарджванні?

Так, гэтыя дзве справы буду абскарджваць у абласным судзе, адпаведна ў мяне ўжо абскарджаны першыя дзве справы, і там я атрымала адмоўнае рашэнне абласнога суда. Далей я думаю падаць у Вярхоўны суд, а пазней аб’яднаць усе гэтыя чатыры справы дзеля падачы ў Камітэт па правах чалавека ААН.

У суд падтрымаць Аліну Літвінчук прыйшлі грамадскія актывісты і прадстаўнікі палітычных партый.

Суд працягнуўся цэлы дзень, бо распачаўся а 10-ай гадзіне і завершыўся прыкладна ў 16.30.

pastanova1

pastanova2

pastanova3

pastanova4

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]