65 гадоў таму ў Беларусь дэсантаваўся Янка Філістовіч



9 верасня 1951 году пад Маладэчнам дэсантаваўся Янка Філістовіч, беларускі дзеяч нацыянальна-вызвольнага руху, публіцыст, герой антысавецкага супраціву. Роўна год ягоная група вяла няроўнае змаганне з саветамі.

Нарадзіўся Янка Філістовіч 90 гадоў таму – 14 студзеня 1926 году (паводле іншых звестак – 1927-га) у вёсцы Паняцічы (цяпер Вілейскі раён). Яго дзяцінства і юнацтва прайшлі ў Заходняй Беларусі. У час другой сусветнай вайны Філістовіч у траўні ці ўвосень 1943-га быў мабілізаваны ў 13-ы паліцэйскі батальён, які размяшчаўся ў Вялейцы і ў Менску. Перад прыходам Чырвонай Арміі эміграваў у Нямеччыну. У жніўні 1944-га вайсковая частка, дзе ён служыў, была накіраваная ў Італію, дзе да студзеня 1945-га брала ўдзел у баях супраць англа-амерыканскіх войск. У лютым 1945 году у Чэхаславаччыне за спробу перайсці да чэшскіх партызанаў Філістовіч быў адпраўлены ў турму гораду Пардубіцэ, адкуль быў вызвалены 8 траўня 1945-га.

Пасля вайны Янка Філістовіч перабраўся ў Францыю. Вывучаў гісторыю ў Сарбонскім (Францыя) і Лювенскім (Бельгія) універсітэтах. Выдаваў часопіс “Моладзь”, быў адным з лідараў Беларускай Незалежніцкай Арганізацыі Моладзі ў Францыі. У Парыжы наладзіў кантакт з Міколам Абрамчыкам, стаў сябрам Рады БНР, упаўнаважаным прадстаўніком ураду БНР. У сакавіку 1951-га ўзяўся за місію кантактаў беларускіх эміграцыйных уладаў з падполлем на тэрыторыі БССР. Пасля трохмесяцавай рыхтоўлі на базе Каўфбэрэн каля Мюнхену, накіраваны ў раён, з якога паходзіў, у складзе амерыканскага дэсанту.

Праз сваяка Пятра Кушаля Філістовічу ўдалося наладзіць сувязь з групай С. Мікуліча, якая складалася з 5 чалавек і дзеіла на тэрыторыі Іллянскага раёну. З 1949-га Філістовіч пераняў камандаванне групай і зрабіў спробу ператварыць яе ў вайскова-палітычную арганізацыю. Увёў дысцыпліну, праводзіў ідэйную і падпольную рыхтоўлю, забараніў рабаванні і напады на мясцовы актыў. Група “Беларускія нацыяльна-вызвольныя ўзброеныя сілы” і пачала рыхтоўлю да палітычна-прапагандысцкай дзейнасці. У красавіку 1952-га атрад правёў у Вязынцы пад Маладэчнам напад на друкарню, якая выдавала газету “Шлях да камунізму”. Партызаны забралі друкарскую машыну. На ёй планавалася друкаваць газету “Жыве Беларусь!”, але адсутнасць досведу, а таксама некаторых элементаў не дазволіла ажыццявіць план.

5 верасня 1952-га аператыўнай групай МГБ БССР была праведзеная аперацыя па ліквідацыі групы Філістовіча. У перастрэлцы ў ноч каля вёскі Самалі (Маладэчанскі р-н) гэбістамі былі забітыя Іван Будкевіч і Міхась Петрусевіч, удзельнікі групы. Філістовічу ўдалося ўцячы і ён меркаваў перайсці мяжу з Польшчай, але 9 верасня ў вёсцы Ярмолічы ў выніку здрады быў арыштаваны групай гэбістаў.

У кастрычніку 1953 году ў Мінску Янка Філістовіч быў засуджаны ваенным трыбуналам ваеннай акругі да смяротнай кары. Апошні дакумент, які ён ўласнаручна падпісаў, гэта яго касацыйная скарга ў Ваенную калегію Вярхоўнага суда СССР, якая датуецца 11 лістапада 1953 г. (скарга напісана ў Менску). Пасля гэтай даты Янка Філістовіч, як мяркуецца, быў расстраляны. Супраць яго сваякоў і тых, хто дапамагаў у яго дзейнасці, праведзены рэпрэсіі. Крымінальная справа № 3383 захоўваецца ў Цэнтральным архіве КДБ Рэспублікі Беларусь у Менску.

[youtube id=”ratJMHaw9dQ”]

Дакументальны фільм з цыклу „Зваротны адлік” тэлеканала АНТ прысвечаны асобе Янкі Філістовіча.

filistovich_janka

Беларускае Радыё Рацыя