7 лістапада ў Пінску адзначаць святочным мітынгам



У Пінску 97-ыя ўгодкі Кастрычніцкай рэвалюцыі адзначаць як сімвал павагі да традыцый і людзей працы, якія змагаліся за грамадства сацыяльнай справядлівасці. Менавіта пад такімі лозунгамі ў горадзе над Пінай 7 лістапада адбудзецца мітынг камуністаў ды прыхільнікаў левых ідэй.  “7 лістапада дае пачуццё патрыятызма”, – ўпэўнена ветэранка камсамольскага руху Зінаіда Паўловіч:

– Якая ж была ў людзей моц духа! Якая ўпэўненасць у перамозе! Якія яны былі выдатныя патрыёты! І мне здаецца, што 7 лістапада нам дае тое ж самае пачуццё, якое называецца пачуццё савецкага чалавека, пачуццё патрыятызма.

Гісторык Аляксей Яромчык не бачыць ніякага патрыятызму ў Кастрычніцкай рэвалюцыі. Гэта была барацьба за ўладу і ажыццяўленне карысных мэтаў:

– Трэба было так арганізаваць інфармацыную палітыку, каб цалкам дыскрэдытаваць уладу. Расейская імперыя, Расея рассыпалася літаральна на працягу некалькіх дзён. Рэвалюцыя сапраўды адбываецца не толькі тады, калі кепска, тады, калі кепска, народ проста вымірае. Рэвалюцыя адбываецца тады, калі адбываюцца досыць сур’ёзныя змены і паўстае, у сувязі з гэтым, жаданне паскорыць іх.

З усяго былога Савецкага Саюзу свята Кастрычніцкай рэвалюцыі на дзяржаўным узроўні адзначаюць толькі ў Беларусі ды Кыргызстане. Штогод 7 лістапада ініцыятарам масавых мерапрыемстваў выступае праўладная Камуністычная партыя Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя