73-гадовага інваліда другі раз аштрафавалі за несанкцыянаваны мітынг



Суд Мазырскага раёна 18 мая прызнаў 73-гадовага мясцовага жыхара, інваліда другой групы (захворванне сэрца) Рыгора Крывіцкага вінаватым па ч. 2 арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства) і пакараў штрафам у памеры 20 базавых велічынь (460 рублёў).

Раней пенсіянер ужо быў пакараны па артыкуле 23.34 КоАП за арганізацыю 26 сакавіка несанкцыянаванага мітынгу ў Мазыры супраць дэкрэта прэзідэнта № 3. Цяпер міліцыя інкрымінавала яму прыцягненне да арганізацыі несанкцыянаванага мерапрыемства непаўналетніх.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Уладзімір Целяпун, на судзе непаўналетнія сцвярджалі, што Крывіцкі нібыта перадаў ім для распаўсюджвання ўлёткі, але іх змест яны не памятаюць. „Суддзя нават не выходзіў для прыняцця пастановы па справе, адразу прызнаў Крывіцкага вінаватым”, — падкрэсліў праваабаронца.

У пратаколе адзначана, што Крывіцкі за тыдзень да мітынгу, 18 сакавіка, на плошчы Леніна прыцягваў непаўналетніх „да распаўсюджвання на тэрыторыі г. Мазыра дадзеных ім агітацыйных улётак з заклікам да ўдзелу грамадзян у масавым мерапрыемстве 26.03.2017 года, і якія пасля гэтымі непаўналетнімі былі распаўсюджаныя на тэрыторыі г. Мазыра, публічна заклікаў грамадзян да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве”.

Вытрымку з пратакола апублікаваў у сацыяльнай сетцы „Фэйсбук” Уладзімір Целяпун.

Крывіцкі сапраўды падаваў у райвыканкам заяўку на правядзенне 26 сакавіка мітынгу супраць дэкрэта № 3, але мясцовыя ўлады прапанавалі правесці мерапрыемства ў будынку выканкама. За арганізацыю мітынгу пенсіянер-інвалід быў пакараны судом штрафам у памеры 20 базавых велічынь.

18 сакавіка на плошчы Леніна ў Мазыры таксама праходзіў сход грамадзян, незадаволеных дэкрэтам № 3. Удзел у ім прынялі ад 30 да 40 чалавек. Трое былі затрыманыя і арыштаваныя па рашэнні суда на 10 сутак.

„Тады, 18 сакавіка, на плошчы Леніна я проста прысутнічаў — я мітынг на той дзень не заяўляў, не арганізоўваў. Там жа былі маладыя хлопцы, невядомыя. Я сказаў, што еду ў свой мікрараён, можа, трэба кагосьці падвезці? Маладыя людзі папрасілі, каб я іх падвёз, вось і ўся была размова. Потым, наколькі я ведаю, іх пачалі прэсаваць. І двое з чатырох далі паказанні, што я нібыта іх пераконваў у чымсьці або пра нешта прасіў. Але такога не было!” — заявіў БелаПАН напярэдадні суда Крывіцкі.

26 сакавіка ён быў затрыманы міліцыяй пасля сходу на плошчы Леніна. Крывіцкага адвезлі ў РАУС, дзе, паводле слоў пенсіянера, яму пагражалі, а адзін з супрацоўнікаў у цывільным прыніжаў, нацягваў на вочы кепку.

belapan.by