80 гадоў з дня нараджэння Вячаслава Чарнавіла



24 снежня споўнілася б 80 гадоў Вячаславу Чарнавілу, украінскаму палітыку, грамадскаму дзеячу, праваабаронцу, дысідэнту. Вячаслаў Чарнавіл – адзін з заснавальнікаў Украінскай Хельсінкскай суполкі, адзін з заснавальнікаў Народнага Руху Ўкраіны.

Нарадзіўся ў 1937 годзе ў вёсцы Еркі Чаркаскай вобласці ў сям’і настаўнікаў. У савецкі час сям’я Чарнавіла не адзін раз была рэпрэсаваная. Так быў арыштаваны і пасля, не вярнуўся з няволі брат бацькі Вячаслава, Пётар Ёсіфавіч Чарнавіл.

У 1946 годзе Вячаслаў паступіў у школу ў другі клас, бо ўжо чытаў з чатырох гадоў. Скончыў яе ў 1955 годзе з залатым медалём. У тым жа годзе паступіў у Кіеўскі нацыянальны ўніверсітэт імя Тараса Шаўчэнкі на філалагічны факультэт, але з другога курсу перайшоў на факультэт журналістыкі. Ужо ва ўніверсітэце меў сур’ёзныя праблемы праз свае палітычныя погляды. У 1958 годзе змушаны быў узяць «адпачынак» (ездзіў на будаўніцтва ў Жданаў, цяперашні Марыупаль). У 1960 годзе скончыў універсітэт. З ліпеня 1960 па травень 1963 працаваў на Львоўскай студыі тэлебачання. Спачатку рэдактарам, потым старэйшым рэдактарам моладзевых праграм. Пачаў выступаць як літаратурны крытык. Вывучаў творчасць Тараса Шаўчэнкі, Барыса Грынчэнкі. У траўні 1963 года пераехаў у Выжгарад, дзе працаваў на будаўніцтве Кіеўскай гідраэлектрастанцыі (да верасня 1964 года). У 1964 годзе прайшоў па конкурсе ў аспірантуру Кіеўскага педагагічнага інстытуту, але ня быў дапушчаны да вучобы праз палітычныя погляды.

Вячаслаў Чарнавіл – выбітны дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху ва Ўкраіне. Актыўна выступаў за адраджэнне ўкраінскай культуры і мовы, дзяржаўнага сувэрэнітэту Ўкраіны. Браў актыўны ўдзел у дзейнасці Кіеўскага клубу творчай моладзі. 4 верасня 1965 года выступіў разам з Янам Дзюбам і Васілём Стусам у кінатэатры «Ўкраіна» на прэм’еры фільма Параджанава “Цені забытых продкаў” з пратэстам супраць арыштаў украінскай інтэлігенцыі. Далей былі ператрусы і допыты. У верасні 1965 года за ўдзел у праваабарончым руху звольнены з працы ў газеце “Маладая гвардыя”. Але яму атрымалася ўладкавацца літаратурным працаўніком у газеце “Сябар чытача”. У звязку з адмовай даваць звесткі на зачыненым судзе супраць братоў Горыніў Вячаслава Чарнавіла засудзілі да трох месяцаў прымусовай працы. У траўні 1966 года ён напісаў кнігу “Правасуддзе або рэцыдывы тэрору”.

У лістападзе 1967 года Чарнавіл засуджаны да трох гадоў турмы ў лагеры строгага рэжыму (прычынай стала дакументальнае складанне “Гора з розуму”, дзе былі сабраныя матэрыялы пра рэпрэсаваных дзеячаў украінскай культуры). Пасля таго, як кніжку надрукавалі за мяжой, сусветная супольнасць пачала бараніць правы палітвязняў перад савецкім урадам. Таму шматлікім з тагачасных палітвязняў, менавіта дзякуючы Чарнавілу, удалося выжыць. Пасля вызвалення ў 1969 годзе з вялікімі складанасцямі яму ўдалося ўладкавацца на працу. З 1970 года  працаваў назіральнікам на метэаралагічнай станцыі ў Закарпацці, грабаром археалагічнай экспедыцыі ў Адэскай вобласці, потым працаваў на чыгуначнай станцыі Скнылаў у Львове. 

У 1970 годзе Чарнавіл пачаў падпольна выдаваць “Украінскі веснік», часопіс, у якім друкаваліся апазіцыйныя матэрыялы. У 1972 годзе, у час агульнаўкраінскай “зачысткі”, ён ізноў трапіў пад арышт. У ваніку высланы ў лагер ЖХ-385/17-А (вёска Азёрнае) і ЖХ 385/3 (вёска Барашэва) тэрмінам на шэсць гадоў. Там ён быў арганізатарам і ўдзельнікам масавых акцыяў пратэсту і галадовак. Таксама вёў змаганне за наданне статусу палітвязня.

Калі прыйшла незалежнасць Украіны, актывізаваў сваю грамадска-палітычную дзейнасць. Быў лідарам Народнага Руху Ўкраіны. Актыўна падтрымліваў незалежнасць Беларусі.

Зянон Пазьняк і Вячаслаў Чарнавіл, Кіеў, 1997 год

Загінуў Вячаслаў Чарнавіл 25 сакавіка 1999 году ў аўтамабільнай аварыі пры загадкавых абставінах. Пахаваны ў Кіеве на Байкавых могілках.

Беларускае Радыё Рацыя