80 год таму пад Улай расстралялі вязняў Беразвецкай турмы НКУС



Мінула 80 год, як пад Улай Бешанковіцкага раёна расстралялі вязняў Беразвецкай турмы НКУС (цяпер турма ў Глыбокім). 26 чэрвеня 1941 года ў вёсцы Мікалаева Шумілінскага раёна, што побач з гарадскім пасёлкам Ула, савецкія канваіры расправіліся з калонай вязняў. Яны спужаліся тады нямецкага самалёта, які пачаў страляць па канваірах, і прынялі рашэнне расстраляць бязвінных людзей.

Сёлета, як заўжды імпрэза па ўшаванні памяці загінулых павінна была прайсці па звычайным сцэнары. Але надвор’е ўнесла свае карэктывы.

Як кажа ксёндз Аляксандр Півавар, служэнне давялося сёлета праводзіць у касцёле ў Уле, а не на месцы іх гібелі:

– Учора адбылася вялікая бура. Такой буры тут не памятаюць увогуле за ўсю гісторыю людзі. Бура нарабіла бяды вялікай не толькі ў Уле, але ў ваколіцах. На гэтай магіле вельмі шмат паваленых дрэў. Яны ляжаць як на мемарыяле, так і ля крыжа. Каля 15 паваленых дрэў, трэба будзе наводзіць парадкі, гэта не адзін дзень працы.

На жалобнае мерапрыемства завітаў і біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч, які  і ўзначаліў набажэнства.

– З таго часу, як тут быў пробашчам яшчэ ў Бешанковічах, заўсёды мы ўшаноўвалі гэтае месца. Маліліся за памерлых, за загінулых падчас гэтай трагедыі. 80 год прайшло з таго часу. Гэта важны момант, каб памятаць пра тыя падзеі, згадваць з пункту гледжання хрысціянскай веры, каб разумець прычыны, якія да такіх трагедый прыводзяць. І каб такіх момантаў у гісторыі не здаралася. Павінна быць асэнсаванне іх і пакаянне.

Нагадаем, калі пачалася вайна, савецкія ўлады вырашылі эвакуяваць здаровых вязняў з Беразвецкай турмы на ўсход. Ім патрэбна была рабочая сіла. 24 чэрвеня вязняў пагналі пешшу да Віцебска. Да гэтага слабейшых вязняў забілі на тэрыторыі турмы ў Беразвеччы, пасля дзясяткамі забівалі па дарозе. Каля Улы было забіта, па розных падліках, ад некалькі соцень да 1700 чалавек. Адзін толькі начальнік турмы «Беразвечча» Прыёмышаў, які ўзначальваў канвой, асабіста расстраляў каля 600 чалавек.

Агулам саветы перад прыходам немцаў знішчылі каля 2000 вязняў Беразвецкай турмы, значная частка з якіх былі арыштаваныя на невялікія тэрміны, якія складалі некалькі месяцаў.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя