9 лютага абвясцілі Днём салідарнасці з беларускімі незалежнымі журналістамі



Падтрымаць свабодныя СМІ ў міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю 9 лютага заклікала беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Паводле яе, 9 лютага споўніцца 1,5 года мірнаму пратэсту супраць гвалту, беззаконня і дзяржаўнага тэрору з боку нелегітымнага рэжыму.

«У той час як супраціў мільёнаў беларусаў працягваецца ў падполлі ў розных творчых формах, на пярэднім краі барацьбы знаходзяцца незалежныя СМІ. Смелыя журналісты, блогеры і ўплывовыя мэдыяперсоны працягваюць працу ў краіне і на эміграцыі, нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі і асабістую небяспеку».

Яна нагадала, што «для стварэння інфармацыйнага вакуўму ў краіне» летась «рэжым атакаваў многія незалежныя СМІ, у тым ліку рэгіянальныя выданні навін: Tut.by, „Нашу ніву“, „Белсат“, Tribuna.com, kyky.org, „Еўрарадыё“, „Радыё Свабода“, „Гродна Life“, Intex-Press і многія іншыя».

Паводле інфармацыі Ціханоўскай, ад лета 2020 года заблакавана больш за 50 медыясайтаў, краіну пакінулі звыш 400 работнікаў СМІ, больш за 40 журналістаў, блогераў, рэдактараў знаходзяцца за кратамі.

«Нам трэба пакінуць Беларусь на парадку дня і праліць святло на дзеянні рэжыму. Дыктатар зрабіў усё, каб закрыць рот незалежным журналістам і не даць свету ўбачыць, што адбываецца ў нашай краіне. Гэтага нельга дапусціць», — сказала Ціханоўская.

Мерапрыемствы ў падтрымку беларускіх журналістаў пройдуць у розных краінах з 9 па 13 лютага.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]