91-гадовая нямоглая жанчына 2 месяцы чакае лекараў



Гісторыя Марыі Якаўлеўны Зайцавай, якая не ўстае з ложка, нічога не бачыць і амаль не чуе, стала вядомай дзякуючы яе пляменніцы. Святлана Чарных, жыхарка вёскі Ферма Шумілінскага раёну, узяла сваячку да сябе ў хату, даглядае яе і спрабуе дамагчыся, каб той далі першую групу інваліднасці.

Усе падставы для гэтага ёсць: жанчына не можа абыходзіцца без старонняй дапамогі. Аднак медыкі паабяцалі агледзець хворую і прадставіць дакументы на камісію толькі пасля скандалу ў інтэрнэце – калі Святлана Чарных зняла відэа пра стан сваячкі ды выклала яго на ўсеагульны агляд.

Гэты ўчынак выклікаў неадназначную рэакцыю. Нехта вінаваціў пляменніцу ў нетактоўнасці: маўляў, не варта было здымаць жанчыну, якая знаходзіцца ў бездапаможным стане. Нехта прапаноўваў матэрыяльную дапамогу. Але Святлана Чарных прасіла не пра гэта – яе турбуе абыякавае стаўленне медыкаў да пажылых вяскоўцаў.

 

– Яна ўсё жыццё адпрацавала на Обальскім цагляным заводзе, ветэран працы – вось у яе медаль. А вось гэта – калі я перабірала ейныя рэчы, то знайшла, дыск з песнямі. Гэта фальклор. Да яе прыязджалі студэнты з Менску, запісвалі яе спевы… Нам нічога не трэба! Бабуля не галадуе! Нам важна, каб на яе адмыслоўцы звярнулі ўвагу. І паставіліся належным чынам. Бо мы ўсе старэем, і я, і вы, і яны! І ніхто не ведае, як будзе дажываць свой век.

Апошняе абяцанне медыкаў – даць хворай 1 групу інваліднасці падчас пасяджэння камісіі 6 траўня. Святлана Чарных верыць у гэта не да канца, бо два месяцы 91-гадовая сваячка чакае звычайнага агляду. Хаця афіцыйныя СМІ ўпарта цвердзяць, што Беларусь – сацыяльна арыентаваная дзяржава, якая несупынна клапоціцца пра пенсіянераў.

[Not a valid template]

Ганна Ліпка для Беларускага Радыё Рацыя.