Абаронім мову!



У Гародню прыехалі Ігар Случак і Аліна Нагорная з дапаможнікам „Абаронім мову!”.

Гэта кішэнная кніжыца рыхтавалася як зборнічак парадаў, інструкцый і прыкладаў для карыстальнікаў, каб бараніць свае моўныя правы ў агрэсіўным расейскамоўным асяроддзі. У „Цэнтры гарадскога жыцця” выданне было прэзентавана для гарадзенцаў. Удзельнікі сустрэчы даведаліся, што ініцыятыва „Справаводства па-беларуску” будзе ў перспектыве рыхтаваць яшчэ адзін дапаможнік у пашыраным фармаце. Якія тэмы найбольш хвалююць беларусаў пры абароне сваіх моўных правоў, падзяліўся з нашым радыё Ігар Случак:

– Адна з найбольш запатрабаваных – гэта беларуская мова ў адукацыі, у сферы гандлю і паслуг, беларуская мова, як мова, якую абражаюць. І спецыяльныя звароты, каб беларус мог абараніць свае моўныя правы, калі нехта сказаў, што беларуская мова дрэнная нейкімі вельмі дрэннымі словамі. Гэта кніга ўніверсальная. Звароты можна перарабляць пад іншыя сферы, тым больш ёсць другая частка з вытрымкамі з заканадаўства, дзе чалавек можа сам ствараць зварот пад свае патрэбы, выкарыстоўваць ва ўсіх сферах, не толькі абароны беларускай мовы, але і іншых правоў.

Падчас падрыхтоўкі дапаможніка аўтары ўважліва прааналізавалі паведамленні, якія атрымоўвалі праз сацыяльныя сеткі і дапоўнілі кнігу вытрымкамі з заканадаўства і  паказалі, дзе проста ці ўскосна бароняцца моўныя правы тытульнай нацыі. Кажа Аліна Нагорная:

– Заканадаўства ў нас вельмі недасканалае ў гэтай сферы. У другой частцы кнігі мы сабралі ўсе вытрымкі, якія тычацца абароны моўных правоў. Але ўсё адно, напрыклад,  камунікацыю грамадзяніна і чыноўніка рэгулюе па-сутнасці толькі Закон  аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб. Чыноўнік мусіць пісьмова адказаць на ваш зварот. Заканадаўства не дастаткова рэгулюе дзяржаўную моўную палітыку. Яна не накіравана, на жаль, на беларускамоўных грамадзян.

Кніжку-дапаможнік па абароне моўных правоў беларусаў: „Абаронім мову!”, можна набыць у Гародні ў крамах „Адметнасьць” і „Cudoŭnia”.

[Not a valid template]

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара