Абаронца жывёл: Мой пратэст улады праігнаравалі
Берасцейскія прадстаўнікі ўлады не бачаць парушэнняў правоў жывёлаў, у тым ліку ва ўмовах іх утрымання ў новым гарадскім кантактным заапарку. Такі адказ ад чыноўнікаў атрымала берасцейская абаронца жывёл Ірына Сіняпкіна. Яна адзначыла, што гарадскі выканаўчы камітэт не прыслухаўся да яе звароту:
– Я звярталася ў гарвыканкам адносна адкрыцця кантактнага заапарка. Пісала пра тое, што асабіста лічу, і многія абаронцы жывёл так лічаць, што гэта жорсткае абыходжанне з жывёламі. Там размяшчаюць і хатніх жывёл, і дзікіх, якія не прызвычаены да таго, каб сядзець у клетках, мець маларухомае жыццё, а таксама трываць шум, зыркае асвятленне і цікаўнасць людзей. І прасіла гарвыканкам па магчымасці не адкрываць гэты заапарк.
Ірына Сіняпкіна задаецца пытаннем: ці гатовыя чыноўнікі самі сесці ў клетку, дзе ўмовы ўтрымання адпавядаюць усім санітарна-гігіенічным нормам і трываць пастаянную ўвагу з раніцы да вечару незнаёмых і малапрыемных ім асобаў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота b-g.by