Абаронцы Курапатаў запрашаюць мясцовых жыхароў на сход



Абаронцы Курапатаў запрашаюць жыхароў дамоў па вуліцы Мірашнічэнкі 47, 51, 53 на сход. Пра гэта паведамляецца ва ўлётках, расклееных непадалёк будоўлі 5-ці павярховага бізнес-цэнтра. Яны заяўляюць, што нягледзячы на напад невядомых у масках, які адбыўся ноччу, скасоўваць сход не збіраюцца.

Кажа маладафронтавец Арцём Леўчанка:

— Я размаўляў з прарабам і ён сказаў, што размаўляў з прадстаўнікамі РУУС і яны сказалі, што тут у дварах заўсёды знаходзяцца АМАП-аўцы і чакаюць загаду. Як толькі будзе загад тут не будзе нікога: пару хвілін і мы усе паедзем. Невядома куды і наколькі, але паедзем. Людзі вельмі нам удзячныя, падыходзяць, настрой у іх даволі пазітыўны, яны кажуць: «Хлопцы, вы супер, вы малайцы».

Сход жыхароў дамоў 47, 51, 53 вуліцы Мірашнічэнкі па пытаннях будоўлі бізнес-цэнтра адбудзецца а 18-й гадзіне 23 лютага. Збор – каля ўваходу на будоўлю.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск