Абедзве маці асуджаных па артыкуле 328 КК спынілі галадоўку



Абедзве маці асуджаных па артыкуле 328 Крымінальнага кодэкса спынілі галадоўку каля сталічнага СІЗА на вуліцы Валадарскага.

Як паведаміла БелаПАН Наталля Старавойт, жанчыны прынялі такое рашэнне ў сувязі з тым, што „для беларускай дзяржавы каштоўнасць чалавечага жыцця нічога не значыць, таму няма чаго губіць сваё здароўе дарэмна, трэба дамагацца справядлівасці”.

Яе сын у верасні 2017 года быў прыгавораны да 11,5 года пазбаўлення волі па ч. 3 арт. 328 КК і цяпер адбывае пакаранне ў адной з калоній. Жанчына заяўляе аб „шматлікіх парушэннях закона як падчас расследавання, так і падчас суда” і патрабуе ад пракуратуры правядзення адпаведных праверак.

Марына Мацулевіч паведаміла, што мае намер дамагчыся пакарання для следчага і пракурорскіх работнікаў, з-за памылак у працы якіх яе сын ужо год знаходзіцца за кратамі. „Я атрымала пацвярджэнне з цэнтральнага апарату Следчага камітэта і з пракуратуры, што памылкі ў дакументах былі, — сказала яна. — Для іх гэта здаецца нязначным, а майму сыну незаконна далі 13 гадоў пазбаўлення волі”.

Жанчына напісала дзве заявы: у Следчы камітэт і ў Генеральную пракуратуру. Адну 5 кастрычніка, другую 8 кастрычніка. Яна патрабуе разабрацца ў сітуацыі з парушэннямі і пакараць вінаватых. „Справа майго сына была незаконнай і несправядлівай”, — упэўнена жанчына.

Як паведамлялася, сын Мацулевіч Раман Кісялевіч ужо год знаходзіцца ў СІЗА. Ён быў асуджаны па ч. 4 арт. 328 КК на 14 гадоў пазбаўлення волі. Пазней апеляцыйны суд знізіў гэты тэрмін на год. Як заяўляла жанчына, паколькі сын выканаў патрабаванні, прадугледжаныя заўвагай да артыкула 328 КК, ён падлягаў вызваленню ад адказнасці.

Згодна з заўвагай да артыкула 328, падлягаюць вызваленню ад адказнасці асобы, якія добраахвотна выдалі праваахоўным органам наркотыкі і якія аказалі актыўную дапамогу па выяўленні (спыненні) злачынстваў па незаконным абароце наркотыкаў, выкрыцці асобаў, якія яго ажыццяўлялі, а таксама выяўленні маёмасці, атрыманай злачыннымі дзеяннямі.

Аднак, як паведамляла Мацулевіч, „судовыя органы праігнаравалі гэту заўвагу”, таму яна пачала галадоўку ў суботу, 6 кастрычніка. Старавойт далучылася да яе 7 кастрычніка.

belapan.by