Абвешчаны маршрут акцыі на 1 траўня ў Менску



На 1 траўня апазіцыя ў Менску плануе акцыю салідарнасці ў падтрымку рэпрэсаваных.

«На 1 траўня запланаваны не толькі марш салідарнасці з працоўнымі, але і з усімі грамадзянамі, якія трапілі пад хвалю рэпрэсій», — сказаў, адкрываючы пасяджэнне аргкамітэта Маршу салідарнасці, кіраўнік руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.

Заяўнік акцыі, намеснік старшыні БКДП Сяргей Антусевіч абвясціў маршрут. Збор а 16-й гадзіне на пляцоўцы каля Нацыянальнай акадэміі навук, шэсце па вуліцы Сурганава, мітынг у парку Дружбы народаў.

Віталь Рымашэўскі, сустаршыня БХД, заявіў:

«Мы не падзяляем сацыяльныя і палітычныя патрабаванні. 1 траўня будзе гучаць голас салідарнасці ў падтрымку ўсіх рэпрэсаваных. Калі ўлада нас зноў не пачуе, наступным крокам будзе агульнанацыянальны страйк».

Прафсаюзны актывіст Аляксандар Еўдакімчык пацвердзіў: травень стане месяцам уздыму працоўнай актыўнасці, акцыі запланаваныя ў шэрагу рэгіёнаў краіны.

Алена Яськова, юрыстка БКДП, не выключае, што ўлады паспрабуюць нейтралізаваць кангрэс, паколькі людзі на ўсёй краіне патрабуюць пераменаў і дэмакратычныя прафсаюзы мусяць узначаліць калоны пратэстоўцаў.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька назваў марш «кампрамісным», бо арганізатары пагадзіліся на «непапулярны маршрут»:

«Але мэта — кансалідаваць грамадства, а не раскалоць яго. Арганізатары не выключаюць правакацый 1 траўня, хоць ніякіх гвалтоўных захадаў дэмакратычная грамадскасць ніколі не пераследавала», паведамляе svaboda.org.