Абвешчаны прысуд па „справе студэнтаў” (абноўлена)



У судзе Савецкага раёна Менска 16 ліпеня абвешчаны прысуд па „справе студэнтаў”, фігурантамі якога з’яўляюцца 12 чалавек.

Як паведамляецца ў тэлеграм-канале праваабарончага цэнтра „Вясна”, 11 чалавек прыгавораныя да 2,5 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму. І адзін – Глеб Фіцнер, які прызнаў віну, атрымаў два гады калоніі. Менавіта такое пакаранне запыталі пракуроры для абвінавачаных. Сітуацыю пракаментаваў бацька Касі Будзько, адной з затрыманных студэнтак:

„Як і чакалася, колькі запрасіў пракурор, столькі даў суддзя. Мы жывем у нашай краіне і бачым, што навокал адбываецца, таму ніякіх асаблівых спадзеваў і не было на нешта больш-меньш мяккае. Магчыма, што нехта і мае такія спадзевы, але адбылося дакладна тое, што я думаў. Зараз будзе апеляцыя і гэтак далей”

Падсудных абвінавацілі ў змове, здзяйсненні злачынства групай асоб і арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх. Большасць абвінавачаных, маладыя людзі 1996—2001 гадоў нараджэння, у тым ліку студэнты сталічных універсітэтаў.

Усе яны прызнаныя беларускай праваабарончай супольнасцю палітвязнямі і знаходзяцца пад вартай з 12 лістапада 2020 года.

Беларускае Радыё Рацыя