Абвешчаны прысуд за падвойнае забойства ў стаўбцоўскай школе



Падлетак, абвінавачаны ў двайным забойстве ў школе ў Стоўбцах, асуджаны на 13 гадоў пазбаўлення волі ў выхаваўчай калоніі. Такое рашэнне агучыў 11 верасня Менскі абласны суд, паведаміла афіцыйны прадстаўнік Вярхоўнага суда Юлія Ляскова на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”.

Абвінавачаны прызнаны вінаватым у наўмысным забойстве дзвюх асоб з хуліганскіх меркаванняў (пп. 1, 13 ч. 2 арт. 139 КК), замаху на наўмыснае забойства дзвюх асоб у сувязі з выкананнем імі грамадскага абавязку (ч. 1 арт. 14 і пп. 1, 10 ч. 2 арт. 139 КК), а таксама ў асабліва злосным хуліганстве (ч. 3 арт. 339 КК).

Прысуд можа быць абскарджаны і апратэставаны ва ўстаноўленым законам парадку.

Пасяджэнні суда прайшлі ў закрытым рэжыме з-за ўзросту абвінавачанага. Як растлумачыла Ляскова, у адпаведнасці з ч. 2 арт. 23 КПК па справах „аб злачынствах, учыненых асобамі, якія не дасягнулі 16-гадовага ўзросту, а таксама ў інтарэсах забеспячэння аховы тайны, што ахоўваецца законам, дапускаецца разбор крымінальнай справы ў закрытым судовым пасяджэнні”.

Згодна са звесткамі следства, 11 лютага 2019 года вучань 10-га класа ўдарыў нажом настаўніцу гісторыі і грамадазнаўства і вучня 11-га класа, якія памерлі на месцы здарэння. Падлетак уцёк з месца злачынства, але неўзабаве быў затрыманы і ўзяты пад варту.

„Абвінавачаны, кіруючыся хуліганскімі матывамі, незадоўга да здзяйснення забойства нанёс удар малатком свайму аднакласніку, прычыніўшы яму ранку, — паведамляла паводле вынікаў расследавання прэс-служба Следчага камітэта. — У далейшым, дэманструючы сваю ўяўную перавагу і выключнасць ў адносінах да навакольных, падлетак нанёс настаўніцы нажом не менш за два ўдары. Выбег з кабінета і прычыніў нажавыя раненні двум аднакласнікам, якія спрабавалі спыніць яго супрацьпраўныя дзеянні. Затым ён зайшоў у іншы кабінет і нанёс удары нажом вучню 11-га класа. Выйшаўшы ў калідор, ён пагражаў нажом намесніку дырэктара і настаўніку біялогіі, затым спусціўся ў вестыбюль і пагражаў нажом аднакласніцы, а таксама падрапаў ім ёй шыю. Пасля пайшоў з месца здарэння”.

Згодна з заключэннем комплекснай стацыянарнай псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы, падлетак мог у поўнай ступені ўсведамляць значэнне сваіх дзеянняў і кіраваць імі.

Паведамлялася таксама, што віну падлетак прызнаў часткова.

belapan.by