Абвінавачаны па справе аб забойстве просіць яго расстраляць



У Вярхоўным судзе 14 ліпеня разглядаецца апеляцыя па справе аб забойстве трох чалавек. Абвінавачаны Вячаслаў Сухарка, які прыгавораны да пажыццёвага зняволення, просіць, каб яму прызначылі найвышэйшую меру пакарання — расстрэл.

У снежні 2015 года ў Менску, у сваёй кватэры на вуліцы Алібегава, быў забіты малады чалавек і дзяўчына. Былая пасія маладога чалавека, выхавальніца дзіцячага сада Аліна Шульганава, не змагла змірыцца з тым, што яе сужыцель аддаў перавагу іншай, і вырашыла правучыць суперніцу. Яна „замовіла” свайму суседу Аляксандру Жыльнікаву і яго прыяцелю Вячаславу Сухарку збіццё суперніцы, каб паспрабаваць, пакуль тая будзе ў бальніцы, вярнуць былога сужыцеля. Выканаўцы, будучы п`янымі, здзейснілі разбойны напад на кватэру па Алібегава, дзе жылі маладыя людзі, і забілі іх абодвух, прычыніўшы ім больш за 140 удараў нажом. Пасля гэтага забралі з кватэры грошы, асабістыя рэчы і схаваліся. Адразу пасля затрымання стала вядома, што зламыснікі датычныя яшчэ да аднаго забойства — жыхара Калодзішчаў, які здаваў пакой у сваім доме аднаму са злачынцаў.

Суд першай інстанцыі 6 сакавіка прыгаварыў 23-гадовага Сухарку і 44-гадовага Жыльнікава да пажыццёвага зняволення, 27-гадовую Шульганаву — да 12 гадоў калоніі.

„Прашу вывесці мяне з залы, я не хачу ў гэтым удзельнічаць, мне не па сабе, — заявіў Сухарка на працэсе ў Вярхоўным судзе. — Прашу замяніць пажыццёвае на вышэйшую меру”.

Адвакат абвінавачанага растлумачыла, што ў судзе першай інстанцыі ён біўся галавой аб сцяну, спрабаваў нанесці сабе калецтвы ў сувязі з тым, што яму сорамна за зробленае і ён моцна перажывае.

Варта паведаміць, што калі Сухарка здзяйсняў забойства, ён быў упэўнены, што яму дадуць не больш як пяць гадоў пазбаўлення волі. У гэтым яго пераканаў Жыльнікаў, які раней ужо быў судзімы. Акрамя таго, змоўшчык прасіў Сухарку ўзяць усю віну на сябе, за што абяцаў вазіць яму перадачы ў калонію.

У першых паказаннях Сухарка сапраўды вінаваціў толькі сябе, аднак пазней выдаў напарніка. Растлумачыць матывы сваёй жорсткасці ён не здолеў. Вядома, што малады чалавек быў моцна п`яны. Паводле слоў абаронцы, у яго ёсць псіхічныя адхіленні. Калі Сухарку было дзевяць гадоў, яго маці збіла машына. Вінаваты ў ДТЗ так і не быў знойдзены. З таго часу дзіця па сутнасці было аддадзенае самому сабе. Да здзяйснення гэтага злачынства судзімы не быў, некалькі разоў трапляў у выцвярэзнік.

У адрозненне ад Сухаркі, іншыя абвінавачаныя па гэтай справе просяць для іх больш гуманнага пакарання.