Аб’яднанне „Інвалід і асяроддзе” працягвае супрацу з палякамі



Трэці тэлемост правялі прадстаўнікі берасцейскай моладзевай грамадскай арганізацыі „Інвалід і асяроддзе” сумесна з польскімі калегамі. Яны абмеркавалі тэму сацыяльнай рэабілітацыі людзей з абмежаванымі інтэлектуальнымі магчымасцямі ў Люблінскім ваяводстве ды магчымасці супрацоўніцтва польскіх і беларускіх арганізацый у гэтай сферы.

Старшыня грамадскага аб’яднання „Інвалід і асяроддзе” Іван Шмыга адзначае, што цягам дыскусіі былі паднятыя пытанні з шэрагу сфераў жыцця:

– У Тамашове-Любельскім ёсць такая арганізацыя, якая вядзе інвалідаў пачынаючы ад пялёнак – вось гэта было вельмі цікавым. Там былі ўзняты і пытанні выхавання, гаспадарнасці, самастойнага жыцця, то бок гэты пласт пытанняў даў нам вельмі шмат цікавага. Прысутнічала каля дзесяці грамадскіх арганізацый, таму яны ўбачылі гэта ўсё і змаглі нават ужо паўдзельнічаць і нават нейкія сувязі наладзіць.  

Відэаканферэнцыі ладзяцца дзякуючы праекту „Пераадольваючы бар’еры – Люблін-Замосць-Уладава-Берасце для актывізацыі партнёрства інвалідаў”, што быў падтрыманы праграмай „Трансгранічнае супрацоўніцтва Беларусь-Польшча-Украіна”.

Беларускае Радыё Рацыя