Ад 35 да 45 базавых штрафу: вынікі судоў у Віцебску



У судзе Першамайскага раёна аштрафавалі аднаго за адным трох віцебскіх актывістаў. Усіх судзілі за нібыта парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах – за ўдзел у “ланцугу салідарнасці” з затрыманымі Сяргеем Ціханоўскім і Віктарам Бабарыкам.

І ўсіх трох прызналі вінаватымі, хаця падзеі адбываліся 19-га чэрвеня – у апошні дзень збору подпісаў за вылучэнне прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта, калі дазвол на пікетаванне не патрэбны.

На 35 базавых велічынь (945 рублёў) суддзя Міхаіл Юрчанка аштрафаваў вядомую актывістку Таццяну Севярынец. Яна распавяла, за што канкрэтна яе прызналі вінаватай:

– У пратаколе гучыць гэта так: “узяла ўдзел Севярынец, якая актыўна выражала свае палітычныя погляды і меркаванні тым, што стаяла”. Стаяла! Тым, што стаяла, я выражала свае погляды! Станавіся там, дзе стаяць людзі, і гэта будзе каштаваць 35 базавых! А калі ты там пляснуў у ладкі, гэта каштуе  ўжо 40 базавых!

Таццяна Севярынец

І гэта аказалася зусім не жартам: “за плясканне ў ладкі” суддзя Наталля Карабліна аштрафавала актывіста  Алега Паўлава якраз на такую суму – 1080 рублёў.

– Я прыйшоў туды, на пікет, паставіў свае подпісы. Пастаяў з людзьмі крыху. Быў добры настрой, дык я і папляскаў у ладкі, а яшчэ паспяваў, патанчыў… А хіба гэта забаронена? Я не разумею, чаму папляскаць у ладкі ў Беларусі каштуе 40 базавых.

Алег Паўлаў

Удзельнікі “ланцуга салідарнасці” віталі воплескамі кіроўцаў, якія сігналілі, праязджаючы міма. Але трэці аштрафаваны, Аляксей Саламаненка, займаўся ў той адзень абсалютна іншымі справамі – ён валанцёр, і працаваў на пікеце па зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую. Нават на міліцэйскім відэа, якое дэманстравалася ў судзе, яго не было відаць побач з тымі, хто стаяў уздоўж вуліцы. Але суддзю Вераніку Барысаву гэта не збянтэжыла: яна прысудзіла Аляксею Саламаненку самы вялікі штраф – 45 базавых велічынь (1215 рублёў).

Аляксей Саламаненка

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск